Свет Сустрэча тысячагоддзя


Яны сустрэнуцца ўпершыню ў гісторыі. Сёння на Кубе Патрыярх Кірыл і Папа Рымскі Францішак падпішуць дэкларацыю, змест якой да апошняга трымаецца ў сакрэце. Адмыслоўцы называюць гэты візіт палітычным і выгадным найперш Уладзіміру Пуціну.Гэтую сустрэчу ўжо ахрысцілі сустрэчай тысячагоддзя. Упершыню ў гісторыі хрысціянства Патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы і кіраўнік Ватыкану пабачацца адзін з адным. Сустрэча пройдзе ў гаванскім аэрапорце.Пра магчымую сустрэчу кіраўнікоў дзвюх цэркваў на найвышэйшым узроўні казалі больш за 20 гадоў. Да сённяшняй жа падзеі, як прызнаўся сам Папа Рымскі Францішак, у поўнай сакрэтнасці рыхтаваліся два гады. Гістарычная падзея, як гэта ні дзіўна, пройдзе менавіта цяпер – на фоне ваенных аперацыяў Расеі ў Сірыі і Украіне ды абвастрэння стасункаў з Захадам.АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:«Гістарычная сустрэча Патрыярха Кірыла з Папам Рымскім Францішкам, між іншага, ужо выклікала шквал абурэння праваслаўных радыкалаў. А вось на самой Кубе, у каталіцкай краіне з невялікай колькасцю праваслаўных вернікаў, як пляцоўку для сустрэчы выбралі не выпадкова».ВАЛЕРЫЯ РАПОЛАВА, ЖЫХАРКА КУБЫ:«Гэтая сустрэча можа быць вельмі важнай з-за палітычнай сітуацыі, з-за супрацьстаяння паміж Расеяй, Амерыкай, Расеяй і Еўропай. Думаю, што ў гэты час гэта можа дапамагчы адкрыць новыя шляхі паміж народамі».ЛЮЦЫНА ШУТЭР, ПОЛЬСКАЯ ТУРЫСТКА:«Гэта добра, што Касцёл разумее гэтую місію і абедзе царквы ідуць насустрач адна адной. Бо, як правіла, супраца лепш за барацьбу».Адмыслоўцы падкрэсліваюць – раней гэткая сустрэча была немагчымая не толькі праз непаразуменні паміж Ватыканам і Масквой. У свой час Папа Рымскі Ян Павал Другі гэтак і не змог наведаць Расею, бо доўгі час яго сярод іншых называлі вінаватым у распадзе СССР. Да таго ж Расейская праваслаўная царква мае вялікі ўплыў на ўсёй постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі: нашая краіна – адная з апошніх краінаў у Еўропе, на зямлю якой гэтак і не ступіў Папа Рымскі.АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:«Пасля гістарычнай сустрэчы, якая распачнецца а 10-й гадзіне вечара паводле менскага часу, Папа Францішак паляціць з Кубы ў Мексіку. Патрыярх Маскоўскі ж працягне свой амаль двухтыднёвы візіт па краінах Лацінскай Амерыкі. Але сустрэча тысячагоддзя, якая, мяркуецца, працягнецца дзве-тры гадзіны, можа ўнесці ў гэтыя планы свае карэктывы».Віталь Бабін, «Белсат»

Каментары