Свет Сірыйцы атрымаюць мільярды долараў ад міжнароднай супольнасці


Міжнародная супольнасць дапаможа Сірыі. У Лондане прайшла адмысловая канферэнцыя фінансавых донараў для Сірыі. Як заявілі арганізатары, пацярпелыя ад вайны людзі атрымаюць мільярды долараў.Для гэтых людзей канферэнцыя ў Лондане – ці не адзіны шанец наладзіць жыццё. Вайна ў Сірыі прымусіла каля 4 млн жыхароў пакінуць свае дамы і распачаць доўгі шлях да лепшага жыцця, далёка ад стрэлаў і выбухаў.

СІРЫЙСКІЯ ЎЦЕКАЧЫ:«Дай Бог, каб гэтая канферэнцыя нам дапамагла. Перш за ўсё нашым дзецям. Нам патрэбная дапамога, каб накарміць іх».

«90 % уцекачоў – беспрацоўныя людзі. Я працую няпоўны працоўны дзень. Пракарміць сямʼю не маю магчымасці. Я спадзяюся, што гэта канферэнцыя дапаможа стварыць новыя працоўныя месцы».Каля $ 11 млрд выдаткуе міжнародная супольнасць на развязанне крызісу ў Сірыі. Менавіта такое рашэнне прынялі краіны-донары. Сустрэчу арганізавалі прадстаўнікі Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Кувейту, Нарвегіі і ААН. Вынікі лонданскай канферэнцыі яе ўдзельнікі лічаць лёсавызначальнымі.

ДЭЙВІД КЭМЭРАН. ПРЭМʼЕР-МІНІСТР ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:«Гэта дзень надзеі, які дае шанец ратаваць людскія жыцці, дзень, які дае пацярпелым будучыню».

Грошы плануецца выдаткаваць на гуманітарныя праекты для пацярпелых ад вайны сірыйцаў – як на радзіме, гэтак і за яе межамі. Плануецца, між іншага, стварыць каля мільёна працоўных месцаў, пабудаваць шпіталі і школы. Шмат праектаў прысвяцілі адукацыі сірыйскіх дзяцей. Сродкі ўдалося сабраць рэкордна хутка.

ПАН ГІ МУН, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР ААН:«Ніколі яшчэ міжнародная супольнасць не сабрала столькі грошай за адзін дзень для развязання крызісу адной краіны».

Аднак праблемы застаюцца. Цяпер неабходна, каб дапамога трапіла да ўсіх, каму яна патрэбная. А гэта пакуль не проста. Паводле сірыйскіх праваабаронцаў, працягваюцца атакі ўрадавых войскаў на гуманітарныя канвоі, а таксама спробы цалкам заблакаваць шляхі даставак самых неабходных рэчаў пацярпелым. Складаная застаецца сітуацыя на мяжы з Турцыяй.

АХМЭТ ДАВУТАГЛУ, ПРЭМʼЕР-МІНІСТР ТУРЦЫІ:«Гэты гуманітарны калідор спрабуюць заблакаваць сілы рэжыму пры падтрыманні расейскіх вайсковых самалётаў. Тое, што яны намагаюцца зрабіць у Алепа, раней рабілі ў Мадая».

А новыя звесткі пакуль не даюць падставаў да аптымізму. Са словаў апанентаў Башара аль-Асада, працягваюцца цяжкія баі пад Алепа. Ёсць чарговыя забітыя сярод мірнага насельніцтва.Ян Бабіцкі, «Белсат»

Каментары