Агляд падзеяў культуры Што і чаму мы чытаем ды чаго шукаем у кнігарнях для сябе і сваіх блізкіх?


Асноўны калядны падарунак для беларусаў, паводле святочных апытанняў, па-ранейшаму – кніга. Але што і чаму мы чытаем ды чаго шукаем у кнігарнях для сябе і сваіх блізкіх?

2016 год, які быў абвешчаны Годам культуры, стаўся дастаткова ўдалым для мастацтва, тэатру, музыкі і кіно – адбываліся выставы ды фестывалі, згадайма хаця б «Арт-астравы», «Vulica Brasil», Міжнародны фестываль тэатраў лялек, «Кіно і немцы» ды шмат якія музычныя імпрэзы. Але галоўная падзея сусветнага рангу датычыла літаратуры – Нобэлеўскую прэмію атрымала Святлана Алексіевіч. І калі летась яе творы разляталіся з кнігарань, як птушкі, то ўжо на пачатку 2017-га пакупнікі пачалі шукаць іншую літаратуру. Распавядае старэйшая прадавачка «Цэнтральнай» кнігарні Вольга Чапіга:

«З замежных – гэта Кіз «Кветкі для Элджэрнана». Яе найбольш пытаюць, яна ў нас найхутчэй канчаецца. А так перыядычна попыт змяняецца вельмі хутка. І часам бывае, што канчаюцца хутка такія кніжкі, пра якія б ты і не падумаў, што яны могуць хутка скончыцца ды карыстацца такім попытам».

Беларусы выглядаюць пераважна замежную, расейскую і беларускую класіку – Караткевіч, Быкаў, Купала, Колас, Мележ, Крапіва, літаратуру па псіхалогіі ды філасофіі. З папулярных сучасных беларускіх аўтараў найчасцей называюць Бахарэвіча, Акудовіча, Марціновіча, Алексіевіч:

«Вось нядаўна набыў кніжку майго знаёмага з «Фэйсбуку» Альгерда Бахарэвіча, з задавальненнем прачытаў».

На падарункі ж часцей за ўсё набываюць правераныя часам класічныя замежныя творы, сярод якіх «Майстар і Маргарыта» Булгакава, творы Дастаеўскага, а таксама беларускія навінкі, якія паспелі заваяваць кніжную прастору ды палюбіліся пакупнікам. Абсалютная большасць прыгадвае «Возера радасці» Віктара Марціновіча.

Цяжка сказаць, ці быў мінулы год удалы для літаратуры, бо хапала і негатыўных момантаў: мы развіталіся з апошнім народным паэтам Нілам Гілевічам. Але адно не можа не радаваць: у стагоддзе камп’ютарных тэхналогіяў беларуская літаратура жыве і будзе жыць надалей.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Фотасаюз на новы лад – майстры фотасправы яднаюцца.
«J:МОРС» заспяваў па-беларуску пра тое, што «БЛІЗКА».
Як у Кітаі пеўня віталі.

Марыя Арцыбашава, Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Каментары