Секлі дрэвы з птушкамі і гнёздамі. Як адбывалася рэканструкцыя скверу за $ 500 тыс.


Вялікае пытанне ў людзей выклікае і сума, якую з бюджэту выдаткавалі на гэткую сумнеўную справу – $ 500 тыс.

Сітуацыя з рэканструкцыяй сталічнага скверу на вуліцы Усходняя ў Менску атрымала розгалас яшчэ ў красавіку. Тады без усялякага папярэджання працаўнікі Упраўлення капітальнага будаўніцтва Савецкага раёну пачалі абсталёўваць будаўнічую пляцоўку.

У адміністрацыі раёну заклапочаным жыхарам паведамілі, што ў скверы робяць капітальны рамонт і рэканструкцыю. Гэты факт людзей абурыў: з імі ніхто не ўзгадніў праекту, на будаўнічай пляцоўцы жыхары зафіксавалі шмат парушэнняў, да таго ж працаўнікі «Зеленбуду» праігнаравалі гэткі панятак, як «гнездавы перыяд», і пачалі пілаваць дрэвы.

Глядзіце сюжэт ад 11:45 хвіліны.

Іншыя тэмы праграмы «Маю права»:

Аштрафавалі за спачуванне бадзяжнай жывёле

Жыхарка Воршы Юлія Малышава вяла онлайн-трансляцыю з пункту адлову бадзяжнае жывёлы. Яна рабіла гэта для таго, каб дапамагчы сабакам знайсці гаспадароў.

Відэа Юлія пасля выклала ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», што, дарэчы, не лічыцца медыйным сродкам. Аднак аршанскі суд расцаніў учынак жанчыны як незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў і пакараў яе буйным штрафам.

Штодзень карыстальнікі сацыяльных сетак у Беларусі выкладаюць тысячы ўласных відэаролікаў. Але паводле «Закону аб СМІ» усіх іх, як і Юлію, могуць прыцягнуць да адказнасці. Праўда, быў у гэтай гісторыі і пазітыўны складнік – дзякуючы роліку, усе сабакі знайшлі сабе новых гаспадароў.

Апытанне: навошта кантраляваць відэатрансляцыі ў інтэрнэце?

Апошнім часам у айчынным сеціве сярод карыстальнікаў набіраюць папулярнасць гэтак званыя «стрымы» – наўпроставыя трансляцыі якіх-кольвек падзеяў у сваім профілі. Мы запыталіся ў мінакоў: ці гэта трэба неяк кантраляваць? Да таго ж мы пацікавіліся на вуліцах сталіцы, ці трэба кантраляваць каментаванне ў сеціве і караць за абразлівыя каментары.

Аўтаспынам у паліклініку…

У курортным пасёлку Нарач жыве каля 3,5 тысячы асобаў. Вядома, тут ёсць паліклініка, але няма шэрагу лекараў вузкага профілю.

Таму мясцовыя жыхары вымушаныя ездзіць да іх у раённы цэнтр – Мядзел, да якога 20 кіламетраў. З Нарачы да Мядзелу курсуюць аўтобусы. Праўда, расклад для людзей, якія хочуць трапіць да лекара, не вельмі зручны. Тым больш што медычная дапамога патрэбная людзям пераважна сталага ўзросту.

Мядзельскі актывіст Станіслаў Таспаеў час ад часу падвозіць пенсіянераў у Мядзел. Разам з тым ён намерыўся выправіць сітуацыю ў Нарачы: зарганізаваў збор подпісаў, а таксама накіроўвае звароты чыноўнікам рознага роўню, каб у паліклініцы з’явіўся адпаведны медперсанал.

Закладнікі… радзільні

Маці з дзецьмі не адпускалі дадому, бо чыноўнікі палічылі, што гэта будзе для іх небяспечна.

Для шматдзетнай сям’i Босак са Слоніму свята нараджэння двайнят абярнулася адчайнаю барацьбою за права выхоўваць дзяцей у сям’і. У радзільні маці чацвярых дзяцей паведамілі, што не могуць адпусціць яе дамоў: маўляў, ейная сям’я – у сацыяльна небяспечным становішчы.

Выявілася, што, пакуль спадарыня Людміла з двайнятамі была ў медычнай установе, да іх у хату прыходзіла камісія. Чыноўнікі заўважылі не толькі парушэнне пажарнае бяспекі – ім падалося, што сям’я Босак недастаткова падрыхтавалася да нараджэння дзяцей, не набыла належных рэчаў для немаўлятаў. Людміла Босак была з малодшымі дзецьмі ў радзільні 10 дзён. Цяпер вялікая сям’я разам і спадзяецца, што на гэтым іхныя пакуты скончыліся.