Рэдактар «Эхо Москвы» распавёў пра атмасферу ў рэгіёнах Расеі перад выбарамі прэзідэнта


Ужо ўвесну, меркавана ў сакавіку, нашыя ўсходнія суседзі будуць абіраць сабе прэзідэнта. Прынамсі, калі верыць сацыялагічным апытанням, наведаць выбарчыя ўчасткі збіраецца большасць расейцаў. Цікава, што цяперашні прэзідэнт Расейскай Федэрацыі пакуль што гэтак афіцыйна не вызначыўся, ці будзе балатавацца чарговы раз. Затое Уладзімір Пуцін ужо даручыў ураду забяспечыць відэатрансляцыю з выбарчых участкаў.

У «Гарачым каментары» – шэф-рэдактар «Эхо Москвы» ў Арэнбурзе Максім Курнікаў.

«Фармальныя інстытуты як выбары нават у такіх рэжымах, як цяпер у Расеі, вядома, нешта вырашаюць. Інакш бы да іх так не ставіліся, як ставяцца цяпер. Іншая справа, што выбары маюць вырашаць нашмат больш. Калі казаць пра прэзідэнцкія выбары, мне падаецца, што на гэты раз шукаюць нейкія шляхі, каб выбары выглядалі максімальна легітымнымі, і пры гэтым не неслі непатрэбную рызыку», – адзначыў Максім Курнікаў.