Гарачы каментар Рэдактар belsat.eu, які прабег Афінскі марафон з б-ч-б сцягам: Не ведаю ці даў бы рады без яго


На гэтым тыдні найбольш медыйнай асобай з белсатаўцаў бясспрэчна стаў наш калега – рэдактар інтэрнэт-старонкі Belsat.eu Зміцер Ягораў. Па незалежных медыях прайшла хваля публікацыяў пра беларуса, які прабег сёлетні Афінскі марафон з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам. Гаворка пра нашага Змітра.

Пры гэтым журналіст і, без перабольшання, спартовец паказаў выдатны вынік, прабегшы крыху больш за 42 кіламетры па грэцкай зямлі ў ліку першай траціны ўсіх сёлетніх марафонцаў.

Сваймі ўражаннямі Зміцер Ягораў падзяліўся ў «Гарачым каментары».

«Адчуванні клас, маральны стан, хаця фізічна цяжкавата сходзіць з прыступак, гэта яшчэ выпрабаванне», – кажа Зміцер.

І дадае, што ехаў туды, як на свята.

«Хтосьці ехаў туды як на выпрабаванне, але дакладна гэта не была руціна».

Зміцер распавёў, навошта ўзяў з сабой сцяг.

«Я прабег з бел-чырвона-белым сцягам 42 кіламетры і скажу, што гэта добра дадае сілаў і добра, што нацыянальны сцяг не ўвайшоў у допінгі. Я ўзяў яго, каб паказаць іншым, што мы, людзі з бел-чырвона-белым сцягам, існуем».

Што такое Афінскі марафон і як яго пераадолець – глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары