«RE1IKT» напісаў песню паводле апавядання Міхася Зарэцкага


Новы твор гурт прадставіў 19 чэрвеня на канцэрце ў менскім клубе «Doodah King».

Новая песня «RE1IKT» напісаная паводле апавядання Міхася Зарэцкага «Паэма пра чорныя вочы» адмыслова для праекту «(Не) расстраляная паэзія», што прысвечаны беларускім творцам, расстраляным 80 гадоў таму.

«Даволі шмат было паэтаў і даволі шмат вершаваных твораў – на іх лёгка было б зрабіць песню. І атрымліваецца, што творы празаічныя могуць быць проста забытыя. У нас быў ужо досвед, калі мы ператваралі апавяданне ў песню», – кажа Алесь Дземідзенка, лідар гурта.

У праект «(Не) расстраляная паэзія» аб’ядналіся асноўныя беларускія музыкі. Кожны зробіць песняю адзін з вершаў паэтаў Расстралянага Адраджэння. Музыкі запісалі відэазвароты, дзе тлумачаць, чаму лічаць гэты праект надзвычай важным. Гэтак, Святлана Бень адчувае еднасць з творцамі.

«Калі мы будзем спяваць песні на іхныя вершы, гэта тое самае, што паціснуць адзін аднаму рукі, моцна сціскаць іх у сваіх абдымках, каб жорсткае чорнае небыццё не выхапіла іх адтуль, каб яны не зніклі назаўсёды», – кажа Бень.

Усе песні з праекту будуць прэзентаваныя цягам восені на партале «TuzinFM».

А 29 кастрычніка пройдзе канцэртавая прэм’ера «(Не) расстралянай паэзіі», на якой прагучаць 12 песень на вершы паэтаў 1930-ых і на музыку сучасных аўтараў.

У межах праекту таксама пройдуць адкрытыя лекцыі пра паэтаў і выйдуць маўклівыя кнігі – нататнікі з іхнымі выявамі ды цытатамі. На гэтым тыдні сканчаецца збор сродкаў на «Талацэ».

Сяргей Будкін

  • Поўны агляд навінаў культуры за аўторак, 20 чэрвеня, глядзіце тут.
Каментары