Свет Расея ў Сірыі: у паветры і на зямлі


Масква афіцыйна прызналася, што бярэ ўдзел не толькі ў паветранай, але і ў наземнай аперацыі ў Сірыі. Амерыканцы падлічылі, што сірыйская кампанія каштуе Расеі 4 млн долараў штодня.Нягледзячы на ранейшыя шматлікія абвяржэнні расейскімі ўладамі наземнай вайсковай прысутнасці ў Сірыі, сёння Масква афіцыйна прызналася, што пастаўляе туды не толькі самалёты з верталётамі, але і наземную баявую тэхніку.Віктар Бондараў, галоўнакамандуючы паветрана-касмічнымі сіламі Расеі, заявіў: 

Мы паставілі не толькі знішчальнікі, штурмавікі, бамбавозы, верталёты, але і зенітныя ракетныя сістэмы. Бо могуць быць рознага роду форс-мажорныя абставіны. Дапусцім, згон баявога самалёта на тэрыторыі сумежнай з Сірыяй дзяржавы і нанясенне ўдару па нас.

Расейскі генерал у тым жа інтэрв’ю заявіў, што амерыканская выведка нібыта не заўважыла перакідванне баявой тэхнікі. Між тым, яшчэ напярэдадні ў адрас Крамля прагучалі каментары з боку ЗША.«Цяпер Расея выстаўляе сваю артылерыю і іншыя наземныя сродкі вакол сірыйскіх правінцыяў Хамы і Хомса, што значна пагоршыла там сітуацыю», – кажа Віктор’я Нулэнд, памочніца дзяржсакратара ЗША.У амерыканскім кангрэсе працягваюць гучаць і больш сур’ёзныя абвінавачванні: расейскія вайскоўцы страляюць па мірных жыхарах і дапамагаюць прэзідэнту Асаду.Эн Пэтэрсан, іншая памочніца дзяржсакратара, кажа: 

Масква цынічна спрабуе сцвярджаць, што ейныя ўдары накіраваныя на тэрарыстаў, але да гэтага часу да 90 адсоткаў удараў па Сірыі патрапілі ва ўмеранаю сірыйскую апазіцыю.

Між тым, у сірыйскай апазіцыі заяўляюць пра гатовасць спыніць агонь – калі гэтае рашэнне будзе прынятае ў межах мірнага ўрэгулявання. Пра гэта заявіў прэзідэнт Сірыйскай нацыянальнай кааліцыі Халед Хаджа падчас сустрэчы з шэфам брытанскай дыпламатыі ў Лондане: «Мы гатовыя да палітычнага працэсу, але мы мусім абараняць мірных жыхароў. Мы не можам пераканаць сірыйцаў падтрымаць палітычныя развязанні, калі іх абстрэльваюць з паветра сілы рэжыму Асада і расейцаў.»З пачатку вайсковай аперацыі ў Сірыі напрыканцы верасня расейскі вайсковы кантынгент вырас да чатырох тысяч чалавек, то бок удвая. Пра гэта паведамілі амерыканскія спецслужбы. ЗША, у сваю чаргу, пастанавілі павялічыць пастаўкі зброі сірыйскай умеранай апазіцыі.ГЛ, Белсат

Каментары