Свет Расея кажа пра замірэнне, але працягвае бамбаваць сірыйцаў


Пад пагрозаю – не толькі правы чалавека, але і самая сістэма абароны правоў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty international» апублікавала штогадовую справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека па ўсім свеце.Мільённыя плыні мігрантаў, разбуральная грамадзянская вайна ў Сірыі ды татальны кантроль расейскіх медыяў і грамадства з боку Крамля. «Amnesty international» падала штогадовую справаздачу аб правах чалавека, асаблівае месца ў якой займае сітуацыя з мігрантамі, што бягуць ад вайны з Сірыі ў Еўропу ды іншыя краіны свету.

САЛІЛЬ ШЭЦІ, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР «AMNESTY INTERNATIONAL»:«Цяжка казаць аб Еўропе ў цэлым, я думаю, што мы бачылі, як некаторыя краіны, напрыклад, Нямеччына і Швецыя, сапраўды робяць усё магчымае для мігрантаў. Але ў цэлым для багатага блоку, для блоку, які быў заснаваны на каштоўнасцях правоў чалавека, гэтыя мігранцкія плыні сталіся шмат для каго сапраўдным шокам».

Асабліва вострым пытаннем для праваабаронцаў застаецца прысутнасць у сірыйскім канфлікце Расеі. Паводле «Amnesty international», у выніку ўдараў расейскай авіяцыі з канца леташняга верасня ў Сірыі загінулі як мінімум 600 мірных жыхароў.

САЛІЛЬ ШЭЦІ, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР «AMNESTY INTERNATIONAL»:«Тое, што мы бачым на сірыйскай зямлі, і тое, пра што заяўляе Расея, цалкам разыходзіцца. Расея кажа пра нейкія спыненні баявых дзеянняў і замірэнне, але насамрэч яна працягвае бамбаваць мірных жыхароў. Прынамсі гэта тое, што паказвае нашае даследаванне, а таму гэтыя злачынствы мусяць быць цалкам расследаваныя».

Бесперапынны ціск на апанентаў Крамля, палітычны пераслед актывістаў і блогераў, цэнзура ў інтэрнэце і ў медыях – вось што дамінуе ў сучаснай Расеі ды вызывае заклапочанасць даследчыкаў «Amnesty international».Гэтак, 20 лютага Екацерынбургскі раённы суд пакараў мясцовую жыхарку Кацярыну Валагжэнінаву 320 гадзінамі грамадскіх працаў за падтрыманне ў сацыяльных сетках украінскіх арганізацыяў.

МАША МАКАРАВА, АСАЦЫЯЦЫЯ «ЗА СВОБОДНУЮ РОССИЮ»:«Нічога ў Расеі не мяняецца. Можна казаць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Расеі становіцца горшая, горшая і яшчэ раз горшая, і гэта для ўсіх відавочна. То бок людзі настолькі звыкліся, што сітуацыя не змяняецца ў станоўчым плане, што, у прынцыпе, ты чытаеш чарговы даклад і думаеш: ну, усё зразумела».

У «Amnesty international» адзначаюць, што нягледзячы на вайсковую аперацыю ў Сірыі, Расея гэтак і не прыняла ў сябе аніводнага мігранту з гэтай краіны.

МАША МАКАРАВА, АСАЦЫЯЦЫЯ «ЗА СВОБОДНУЮ РОССИЮ»:«Расея лічыць, што ў Сірыі ўсё добра, што гэта дэмакратычная краіна, а таму гэтыя людзі не могуць атрымаць хоць якога прытулку на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. У Расеі наагул няма досведу працы з мігрантамі. З гэтымі праблемамі сутыкаюцца ўцекачы з Афрыкі, Украіны, якія прыехалі ды паверылі ў Расею, асабліва расейскамоўнае насельніцтва з Данбасу».

У сваёй справаздачы праваабаронцы «Amnesty international» закранулі і Беларусь, адзначыўшы, што ў нашай краіне па-ранейшаму парушаюцца асноўныя правы грамадзянаў. І, хоць Еўрапейскі Звяз зняў з Лукашэнкі ды ягонага атачэння санкцыі, у краіне працягваецца пераслед незалежных журналістаў і актывістаў, а суды выносяць смяротныя прысуды.Віталь Бабін, «Белсат»

Каментары