Свет Расея і краіны ОПЭК абвалілі еўрапейскія біржы


Замарозка адмяняецца. Іран вырашыў не спыняць здабычу нафты, нягледзячы на заклікі і спадзевы групы краінаў-экспарцёраў.Іран, з якога месяц таму Еўразвяз і ЗША знялі санкцыі, не падтрымаў пагадненняў Расеі ды трох краінаў ОПЭК, якія напярэдадні ў сталіцы Катару дамовіліся замарозіць здабычу нафты на ўзроўні 11 студзеня.ТАЦЦЯНА МАНЁНАК, ЭКАНАМІЧНАЯ АГЛЯДАЛЬНІЦА:«Вельмі складана нейкім адміністратыўным метадам знізіць здабычу нафты. У любым выпадку сёння іншая сітуацыя, чым некалькі гадоў таму. Кожная краіна імкнецца захаваць сваю долю на сусветным рынку».Удзельнікі аўторкавага спаткання ў Досе ня здолелі дамовіцца пра скарачэнне здабычы, а толькі пра замарожванне яе на ўзроўні студзеня.АЛІ АН-НАІМІ, МІНІСТР ЭНЕРГЕТЫКІ САУДАЎСКАЙ АРАВІІ:«Перш за ўсё мы ацанілі попыт і вымушаныя прызнаць, што імпарт з прычыны бягучых цэнаў змяншаецца. Але попыт застаецца на ўздыме, таму мы дамовіліся адносна патэнцыйнага замарожвання вытворчасці. І гэта пачатак працэсу, які мы будзем ацэньваць бліжэйшымі месяцамі ды вызначаць, ці трэба рабіць іншыя крокі для стабілізацыі ды аздараўлення рынку нафты».Наймацней нізкія цэны бʼюць па эканоміцы Расеі, валавы ўнутраны прадукт якой за мінулы год у доларавым вымярэнні скараціўся на траціну, ды Венесуэлы, у якой дэфіцыт, высокая інфляцыя сталі штодзённасцю.ЭЎЛЁХ’Ё ДЭЛЬ ПІНА, МІНІСТР НАФТАВАЙ І ГАРНАРУДНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ ВЕНЕСУЭЛЫ:Гэта вельмі важна – атрымаць справядлівыя кошты на нафту для падтрымання ўзроўню інвестыцыяў, неабходных для нашай вытворчасці«.Аднак без падтрымання іншых экспарцёраў нафты гэтае пагадненне ня будзе мець эфекту. Ужо ўчора цэны на нафту адразу пасля навіны пра вынікі сустрэчы пайшлі ўніз. Сёння, калі стаў вядомы адказ Тэгерану, падзенне коштаў працягнулася.У выніку «Брэнт» апусціўся да 32-х з паловаю долараў за барэль. Услед за нафтаю патаннеў і расейскі рубель – да 78 рублёў за 1 долар.ТАЦЦЯНА МАНЁНАК, ЭКАНАМІЧНАЯ АГЛЯДАЛЬНІЦА:Вельмі хутка тэндэнцыі істотна не зменяцца. Кошт нафты не падвысіцца. І нават прадстаўнікі расейскага ўраду, і прадстаўнікі кампаніяў кажуць, што кошт нафты будзе вагацца ў калідоры 30-40 долараў за барэль.Але праблема, падкрэсліваюць эксперты, нават ня ў вызначаных дамовах, а ў тым, што за апошнія дзесяцігоддзі сусветны нафтавай рынак зведаў глыбокія структурныя змены, якія пазбавілі дзейных гульцоў магчымасці маніпуляваць коштамі на чорнае золата ў доўгатэрміновай перспектыве.Віталь Бабін, «Белсат»

Каментары