Форум (ток-шоу) Рак наступае – штогод ад анкалогіі ў Беларусі памірае каля 18 тыс. чалавек


На ўліку ў анкалагічных дыспансерах Беларусі стаяць больш за 260 тыс. беларусаў. У нашай краіне захворванні на анкалогію растуць на 29,7 % у год. Паўстае пытанне, у якім свеце мы жывем і да чаго рыхтавацца?Амаль 30 гадоў прайшлі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, але яе наступствы не засталіся ў мінулым, наадварот – яны вяртаюцца. Навукоўцы і раней прадказвалі, што прыкладна 25-30 гадоў пасля аварыі пачнецца рэзкі рост анкалагічных захворванняў. Падаецца, гэты чорны прагноз збываецца. На забруджаных тэрыторыях жывуць цяпер амаль 1,5 млн жыхароў Беларусі, але немагчыма даведацца, якія дозы радыяцыі яны атрымліваюць і як гэта на іх уплывае. Радыяцыйным кантролем і маніторынгам у Беларусі займаецца ажно 9 дзяржаўных устаноў.На думку адмыслоўцаў, маніторынг і аналіз радыяцыйнай абстаноўкі ў нас штучна раз’яднаныя. Даведацца пра сапраўдны стан праблемы вельмі цяжка, нават Міністэрства аховы здароўя мусіць пісаць запросы ў некалькі розных інстанцый, каб атрымаць хоць нейкія дадзеныя па радыяцыйным маніторынгу. Тым часам рак наступае – кожны год у Беларусі ад анкалогіі памірае каля 18 тыс. чалавек. Праз некалькі год з гэтаю праблемаю можа сутыкнуцца кожная трэцяя сям’я. Сучасная медыцына здольная паспяхова лячыць анкалагічныя захворванні, але на ранняй стадыі. Пра тое, што ў Беларусі патрэбнае масавае прэвентыўнае абследаванне насельніцтва, гавораць даўно, але пакуль безвынікова.У Беларусі своечасова выяўляюць толькі трэцюю частку анкалагічных захворванняў. Павялічыць гэтую лічбу – значыць уратаваць тысячы жыццяў, але дзеля гэтага патрэбныя рашэнні на дзяржаўным узроўні. Іх пакуль няма.

МЯ, belsat.eu

Каментары