«Прырода выжыве, беларусы – не»


На перадпраглядзе: гусі ў чарнобыльскай зоне. Фота Viktor Vetkin ZUMA Wire / Forum

Эколагі папярэджваюць: АЭС можа нашкодзіць не прыродзе, а чалавеку.

«Калі на Астравецкай АЭС адбудзецца нешта накшталт Чарнобылю ці Фукусімы, то для прыроды гэта будзе добра. Чалавеку давядзецца з’ехаць, а прыродзе будзе «ў кайф». І прыклад таму – чарнобыльская зона, у якой прырода аднавілася», – кажа экалагічны актывіст, гаспадар аграсядзібы «Партызанскі хутар» Ігар Пастухоў.

З такім сцверджаннем пагаджаецца і эколаг Хрысціна Чарняўская, госця ў студыі «Людскіх справаў».

Астравеччына лічыцца адным з самых чыстых куткоў Беларусі. Тут актыўна адраджаліся вёскі, людзі набывалі тут дамы, будавалі лецішчы, а бізнесоўцы адкрывалі аграсядзібы з экалагічным ухілам адпачынку ды з ахвотай укладалі грошы ў гістарычныя будынкі, каб прыцягваць турыстаў з усяго свету.

«За 20 гадоў тут стварыліся ўжо цэлыя вёскі творчых аднадумцаў ды сяброў, – распавядае пісьменнік і краязнаўца з Лынтупаў Алесь Гарбуль. – Праводзяцца штогадовыя літаратурныя і кінафестывалі, якія ўжо сталі міжнароднымі. Тут летам такі культурніцкі вір круціць, што нават у сталіцы такога няма».

Але ўсё гэта было актуальна, пакуль дзяржава не вырашыла пабудаваць атамную электрастанцыю. Праз патэнцыйную небяспеку ўласнікі пачалі прадаваць бізнес-праекты, а адбудаваныя лецішчы стаяць без гаспадароў гадамі.

Паводле Ігара Пастухова, прыродзе перашкаджае само будаўніцтва: «Горад атамнікаў увесь час расце, дзе 30 тыс., там будзе і ўсе 60 тыс. А гэтыя людзі захочуць адпачываць. Уявіце, калі ваша кватэра разлічана на пяць чалавек, а прыйшло 30… Нават калі яны сябе будуць вельмі добра паводзіць, то ўсё роўна пакінуць вельмі адчувальны і непрыемны для гаспадара след. У рэшце рэшт мы атрымаем сметніцу».

Спадар Ігар у пацверджанне сваім словам прыводзіць прыклад возера Свіцязь у 2012 годзе, калі ў адны выхадныя там аказалася больш за 12 тыс. чалавек. Празрыстасць вады ўпала з 6 метраў да 4-х. Тады гэтую сітуацыю прыйшлося вырашаць у экстраным парадку.

Эколагі амаль выдахліся ў сваім пратэсце, а будоўля Астравецкай АЭС працягваецца. У наступным годзе плануецца здаць у эксплуатацыю першы рэактар. Дык як жа захаваць бізнес-праекты ў патэнцыйна небяспечным з экалагічнага пункту гледжання рэгіёне? Пра гэта Алесь Залеўскі разважае з гасцямі ў студыі «Людскіх справаў».

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.