Welcome ў Беларусь Прыехаў у Беларусь пастраляць з кулямёта на «Лініі Сталіна»


У новым выданні праграмы «Welcome ў Беларусь» мы пазнаёмімся з сям’ёй Андросавых, якая прыляцела ў Беларусь з Рэспублікі Саха (Якуція) – найбуйнейшага суб’екту Расейскай Федэрацыі.

16-гадовы Ян разам з маці Вольгай і малодшым братам Пятром праляцелі 10 тыс. км, каб наведаць мемарыялы, звязаныя з Другою сусветнаю вайною. Вольга падтрымлівае захапленне Яна ваеннаю тэмаю, ён з маленства цікавіцца зброяй, малюе батальныя сцэны і збірае вайсковую амуніцыю.

У Берасцейскай крэпасці Ян знаёміцца з гандляром ваеннаю вопраткаю Уладзімірам. Той запрашае якутаў на склад, дзе ў яго, магчыма, знойдзецца шынель неабходнага Яну памеру. Склад апынуўся хлявом у вёсцы. Сваякі Уладзіміра гасцінна запрашаюць за стол, Уладзімір дастае даваенны патэфон, а Ян спявае песні на якуцкай мове.

Наступны пункт падарожжа – ДОТы Менскага ўмацавальнага раёну. Адмысловец і гісторык Антон Рудак узяўся адвесці якутаў на адзіны ў Беларусі капанір, дзе некалі месціліся чатыры гарматы. Але справа аказалася не з лёгкіх – мясціны з часам мяняюцца, і нават мясцовыя жыхары не заўсёды ведаюць, дзе шукаць вайсковую пабудову.

Але галоўная мара Яна – наведаць гэтак званую «Лінію Сталіна», дзе можна пастраляць з кулямёта «Максім», з якога некалі падчас вайны страляў Янаў прадзед. Не зважаючы на дрэннае надворʼе, хлопец з захапленнем глядзіць тэатралізаванаю вайсковую рэканструкцыю «Баграціён». Але ці пачуе тут хлопец за лязгам зброі сапраўдныя падзеі жахлівай вайны?

Глядзі таксама
Каментары