У сужэнцаў Вольгі і Вадзіма шасцёра дзяцей. У сям’і пануе сапраўдная хрысціянская атмасфера – яны вучацца разам ствараць, любіць, спадзявацца і дараваць. Летась Вольга і Вадзім, а таксам іхны старэйшы сын Міхаіл былі затрыманыя падчас дваровага канцэрту, асуджаныя і аштрафаваныя.
«Звычайна ўвечары мы з дзецьмі ідзем на шпацыр. Мы пачулі гук саксафона ў двары і пайшлі туды. Там быў канцэрт, цудоўная музыка і вакал. Паслухалі трохі – і раптам чуем гук машыны. Падʼязджае, свеціць у вочы. Адтуль выходзяць міліцыянты, – прыгадвае падзеі таго вечара Вольга. – І далей затрымалі майго сына».
Перад хапуном ейны Міхаіл паспеў крыкнуць:
«Мужчыны, станавіцеся наперад, жанчыны – адыходзьце назад. Будзем бараніцца».
«Бо яны прыйшлі з дубінкамі не па галоўцы нас гладзіць, а сярод нас былі дзяўчаты і дзеткі, – распавядае Міхаіл. – Выскачылі двое амапаўцаў, скруцілі мяне, каленам далі ў сківіцу. Зламалі сківіцу, разбілі нос і запіхнулі ў аўтобус».
Маці абхапіла яго рукамі і казала: «Не аддам».
«Мяне, уласна кажучы, ніхто не затрымліваў, але прыгадала я пра гэта праз некалькі дзён, калі шок мінуў. Я хацела проста паглядзець, у якім стане мой сын, – працягвае згадваць Вольга. – Гляджу, у аўтобусе нейкі мужык стаіць на каленях. Прыгледзелася, а гэта мой муж».
Далей амапаўцы забягалі ў бусік і выбягалі, хапалі кагосьці яшчэ. Потым у нас адбыўся запамінальны дыялог:
– Вы музыканты?
– Не…
– А, не тых узялі.
– Тады адпускайце нас.
– Мы ўжо сказалі, што траіх вязем.
«Мы спрабавалі паказаць, што мы, беларусы, якіх яны хапаюць, – не ворагі ім, у нас няма нянавісці. Адкуль у вас нянавісць да нас?.. Яны глядзелі на нас, нібы на ворагаў. Хоць і не тых узялі», – успамінае маці.
Бацька і сын адбывалі пакаранне на Акрэсціна, маці аштрафавалі. Паводле Вольгі, калі суддзя зачытваў прысуд, ён апускаў вочы – яму было сорамна.
Вадзім падчас адбывання адміністратыўнага пакарання вельмі непакоіўся, за якія сродкі будзе жыць сям’я. Вадзім – рамеснік, ён робіць сувеніры ў нацыянальным стылі. Дочкі напісалі ў ФБ, што бацьку затрымалі і прапанавалі набыць ягоныя вырабы.
Калі вы хацелі б мець сувеніры ад Вадзіма – пішыце нам, і мы дапаможам вам скантактавацца. А шматдзетная маці Вольга марыць, каб яе дзяўчатак навучылі шыць прыгожыя сукенкі.
Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (зрабіць гэта можна як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com
І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.
belsat.eu