Прэмія «Дэбют» дасталася Андрусю Горвату. Узнагарода скончылася сюжэтам з 30-х гадоў


Прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ўручылі ў прасторы «Цэх». Сярод намінантаў ёсць і зусім новыя імёны, і шалёна папулярныя аўтары. Але ці супала меркаванне журы з чытацкімі сімпатыямі?

Кажучы пра папулярных, маем на ўвазе Андруся Горвата, які на ўручэнне не прыехаў. Яму і дасталіся лаўры ў намінацыі «Проза». Вясковы дзённік «Радзіва Прудок» стаў сапраўдным прарывам і збірае чэргі прыхільнікаў у Купалаўскім тэатры. Але, паводле сяброўкі журы, паэткі Насты Кудасавай, на рашэнне не паўплывалі ні народная любоў, ні іншыя акалічнасці.

«Для мяне як для чытача зусім не важна, які гэта жанр і ці шмат людзей чытаюць гэтую кнігу. Варта проста прачытаць яе, каб зразумець, што гэта вельмі жывы і сапраўдны тэкст, напісаны чалавекам з вялікім сэрцам», – адзначыла Наста Кудасава.

Заахвочвальныя прызы атрымаў беларускі зомбі-хорар «1813» Уладзіміра Садоўскага і фантасмагарычныя апавяданні Андрэя Дзічэнкі.

Паэтычныя намінанты віталі публіку віртуальна – Ганна Комар, аўтарка кнігі «Страх вышыні«, працуе валанцёркай у Ірландыі, а паэт Аляксей Арцёмаў жыве ў Туле. Пераможцам стаў Міхал Бараноўскі – працаўнік музею Максіма Багдановіча і лідар гурта «Нельга забыць».

На перакладчыцкі «Дэбют» намінавалася Надзея Кім з «Хронікамі Нарніі» і Сюзана Паўкштэла з літоўскімі навеламі «Бог дажджу» Альвідаса Шляпікаса. А перамагла Адэля Дубавец, якая пераклала з польскай мовы публіцыстычную кнігу «Танец мядзведзяў» Вітальда Шаблоўскага, прачытаць яе можна ў электронным выглядзе на сайце 34mag.net. Як і іншыя пераможцы прэміі, Адэля атрымала чэк на 3900 рублёў ад фонду «Вяртанне».

На жаль, літаратурная ўзнагарода скончылася сюжэтам з 30-х гадоў. Каля прасторы «Цэх» быў брутальна затрыманы кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, «Белсат»