Праўладная назіральніца прыйшла ў студыю «Белсату» і распавяла, як фальсіфікаваліся выбары


У праграме «Шчыра кажучы» – сведчанні сябраў камісіяў і афіцыйных назіральнікаў пра фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

У інтэрнэце з’явіўся запіс, як сябры выбарчай камісіі менскай школы №39 атрымлівалі адмысловы інструктаж, з якога вынікае, што яны мусілі не лічыць галасы, а раскладаць бюлетэні па адпаведных стосах, загадзя прапісаных лічбаў.

У студыі праграмы «Шчыра кажучы» аўтар аўдыязапісу, адна з непасрэдных чальцоў камісіі, ужо былая настаўніца Святлана Абламава, распавядае, як на яе ўчастку выглядаў падлік галасоў:

«З аўдыязапісу чуваць, што спачатку мы мусілі падлічыць, колькі чалавек прыйшло. (…) Гэтая лічба проста пісалася, мы рабілі выгляд, што лічым. Нам так сказалі: «Рабіце так, нібыта, вы лічыце». Далей ідуць нявыкарыстаныя бюлетэні, абразаюць іх, нібыта, таксама іх лічаць. Потым датэрміновае галасаванне, усё ў цэнтр. Удвох вырашаем, што гэты стос будзе за Лукашэнку, гэты – за Ціханоўскую, гэты – за Канапацкую, гэты – за Чэрачня, гэты – супраць усіх, гэты – нявыкарыстаныя . Калі ў паперы напісана, сапсаваных – нуль, тады такога стоса не мусіць быць. А астатнія прыблізна складаюцца ў такія стосы, колькі там пазначана галасоў ці проста каб у стосе верхні бюлетэнь быў правільны».

У фальсіфікацыях былі задзейнічаны не толькі сябры камісіі, але і праўладныя назіральнікі. Адна з такіх назіральніц – настаўніца Ірына Смалонская – сведчыць, што ніякага рэальнага назірання праўладныя назіральнікі не праводзілі. На гэтых выбарах яна вырашыла паведамляць незалежным назіральнікам, якія працавалі звонку выбарчага ўчастка, сапраўдную колькасць людзей, што прыходзілі на датэрміновае галасаванне.

«Самае галоўнае тое, што былі ўкіды. Гэта значыць, за пяць дзён было дапісана 500 бюлетэняў. Мы налічылі 250 тых, хто прыйшоў на галасаванне. У пратаколе было 750».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Аналіз афіцыйных і альтэрнатыўных падлікаў галасоў;
  • Ці справіліся са сваёй задачай электронныя платформы падліку галасоў і верыфікацыі фальсіфікацыяў «Голас» і «Zubr»?
  • Ці вераць у Ваўкавыску ў самагубства дырэктара аднаго з мясцовых музеяў, сябра выбарчай камісіі Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісваць сфальшаваны пратакол галасавання?

Глядзіце іншыя выданні праграмы «Шчыра кажучы».

НI, belsat.eu