Свет Прапаноўваюць дапамогу, але ўмацоўваюць межы. Еўропа стамляецца ад уцекачоў


Швецыя вяртае памежны кантроль, Данія ўзмацняе межы, Славенія будуе плот. Краіны цяпер ужо не настолькі моцна аб’яднанай Еўропы спрабуюць вырашаць праблемы мігрантаў паасобку і разам. На Мальце лідары краінаў Еўразвязу і Афрыкі разам дамаўляліся, як спыніць плынь уцекачоў з найбяднейшага кантыненту.З аднаго боку – прапаноўвае дапамогу, а з другога – умацоўвае межы. Швецыя вяртае памежны кантроль – пакуль на дзесяць дзён. Памежнікі будуць правяраць пасажыраў цягнікоў, аўтобусаў і паромаў з Даніі ды Нямеччыны. Як адзначаюць шведскія ўлады, рэкордная плынь мігрантаў ставіць пад пагрозу бяспеку ў краіне.

СТЭФАН ЛЁВЭН, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ШВЕЦЫІ:«Нам патрэбен парадак на нашых межах, парадак мусіць быць і ў прыёме ўцекачоў. Мы ўводзім памежны кантроль у чацвер. Таксама мы хочам увесці пашпартны кантроль на пасажырскіх паромах. Мы хочам кантраляваць, хто насамрэч на гэтых караблях».

Гэтыя словы шведскага прэм’ера прагучалі тут, на саміце ў Мальце, дзе цягам двух дзён лідары больш як 60-ці краінаў аб’яднанай Еўропы ды Афрыкі намагаліся развязаць праблему мігрантаў. Хоць паводле колькасці ўцекачоў лідаруе Сірыя, значную частку складаюць і мігранты з афрыканскіх краінаў – прыблізна 150 тысяч асобаў.

ДОНАЛЬД ТУСК, СТАРШЫНЯ ЕЎРАПЕЙСКАЙ РАДЫ:«Працуючы разам – толькі гэтак мы можам вырашыць праблему мігрантаў. Мы мусім узгадніць узаемныя і канкрэтныя крокі, каб міграцыя стала плённым абменам для нас, а не трагічнай стратай для ўсіх».НКАСАЗАНА ДЛАМІНІ-ЗУМА, СТАРШЫНЯ АФРЫКАНСКАГА САЮЗУ:«Адна з сённяшніх праблемаў – гэта тое, што некаторыя еўрапейскія краіны будуюць крэпасці. Такога не можа быць. Мы павінны быць адкрытыя для легальнай міграцыі».

Па выніках саміту Еўропа мае выдзеліць Афрыцы амаль € 2 млн. У абмен Стары свет чакае ад найбяднейшага кантыненту дапамогі ў скарачэнні плыні ўцекачоў і вяртанні тых, хто не мае права на атрыманне прытулку.Вырашаюць на Мальце не толькі праблему мігрантаў з Афрыкі. У другой палове дня распачаўся экстраны саміт лідараў краінаў Еўразвязу. Абмяркоўвалі захады кантролю на межах Грэцыі і дапамогу Турцыі ў запавольванні плыні сірыйскіх уцекачоў.

ВЭРНЭР ФАЙМАН, КАНЦЛЕР АЎСТРЫІ:«Правяранні на вонкавых межах Еўразязу будуць мець больш сэнсу разам з размеркавальнымі цэнтрамі і абавязковымі квотамі, а не калі кожная краіна будзе дзейнічаць па сваёй ініцыятыве».

Канцлер Аўстрыі дадаў, што 10 тыс. кіламетраў калючага дроту ў Еўропе – гэта кепскае развязанне, маючы на ўвазе намер Славеніі пабудаваць агароджу на мяжы з Харватыяй.Еўропа ад уцекачоў стамляецца. Жыхары французскага Кале ўначы зладзілі акцыю падтрымкі мясцовых праваахоўнікаў, якія былі параненыя ў сутычках з мігрантамі.ГЛ, «Белсат»

Каментары