100 гадоў таму Беларусь і пяць іншых дзяржаваў вакол яе абвесцілі суверэнітэт. Чаму нашым суседзям удалося яго абараніць, а беларусам з украінцамі – не? Ці беларускае войска здольнае абараніць незалежнасць дзяржавы сёння ды чаго было не дадаткова Беларускай народнай рэспубліцы паводле літоўскага гісторыка? Што ключавое для польскай замежнай палітыкі паводле Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і Ежы Гедройца – гэта галоўныя тэмы «Прасвету».
Стагоддзе абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі – дата, пра адзначэнне якой асцярожна кажуць нават на афіцыйным узроўні. Аднак не толькі нашая краіна сёлета святкуе стагоддзе незалежнасці. У 1918 годзе пра свой суверэнітэт заявілі ледзь не ўсе нашыя суседзі – апроч Расеі. Дзе апынуліся нашыя народы на 101 год ад абвешчання суверэнітэту, Усевалад Шлыкаў. Каментуюць Уладзімір Мацкевіч, літоўскі дэпутат Лінас Бальсіс і Віктар Рос, былы польскі амбасадар.
Параўнанне шляху Беларусі ды Літвы ў інтэрв’ю Ганны Русінавай з вядомым гісторыкам і дэпутатам Сейму Літвы, сябрам камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Арвідасам Анушаўскасам. Чаго не хапіла беларусам у 1918 г. і што ці хто перашкодзіла нам? Ці былі мы гатовыя да незалежнасці ў 1918-ым?
Пакуль суседзі святкуюць стагоддзе незалежнасці, сёння ў Беларусі, як і ў Расеі, урачыста адзначаюць стагоддзе Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. Чыю бяспеку і незалежнасць прымусяць бараніць беларусаў у выпадку новай вялікай вайны? Яраслаў Сцешык. Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus security blog».
У Варшаве аналітыкі, навукоўцы і журналісты, якія займаюцца міжнароднаю тэматыкай, стварылі новы аналітычны цэнтр – Таварыства ўсходняй палітыкі. Мэта арганізацыі – падтрымаць польскую ўсходнюю палітыку і «дактрыну Ежы Гедройца». Што новая арганізацыя плануе даць беларуска-польскім дачыненням? Ці ў Польшчы заўважаюць расейскую пагрозу? Распавядае Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка «Белсату», якую абралі прэзідэнтам таварыства.
Жудасная трагедыя, што адбываецца на вачах усяго свету. У Сірыі працягваюцца налёты на Усходнюю Гуту – сярод ахвяраў сотні дзяцей. Падзеі апошніх тыдняў ужо назвалі новай Срэбрэныцаю. А ў паветры павісла пытанне, чаму буйныя дзяржавы замест таго, каб спыніць канфлікт, распальваюць яго з новаю сілай? Вольга Жарнасек. Каментуюць расейскі палітолаг Аляксандр Канфісахор і польскі ваенны карэспандэнт Вітальд Рэпетовіч.