Сальдa Папулярныя напрамкі лета-2016: Беларусь, Грузія, Украіна, Чарнагорыя


Кватэры працягваюць таннець

На другасным рынку жылля працягваецца істотнае падзенне коштаў, якое доўжыцца ўжо 70 тыдняў запар. Тэндэнцыя, якая распачалася яшчэ ў 2015 годзе будзе актуальная на гэтым рынку да канца бягучага году. Праўда, тэмпы падзення паступова запавольваюцца.«З пачатку году паводле розных ацэнак кошты на нерухомасць на другасным рынку знізіліся прыкладна на сем адсоткаў. Але нягледзячы на гэта, рынак жыве. Колькасць угодаў застаецца на досыць высокім узроўні. І гэта зразумела, бо ў выніку падзення коштаў спрацоўвае так званы адкладзены попыт. Тыя людзі, якія раней не маглі сабе набыць нерухомасць, набываюць яе цяпер», – тлумачыць дырэктар агенцтва нерухомасці «Эксперт» Павал Астапеня.Кошты падаюць і на першасным рынку. У Менску некаторыя забудоўнікі прадаюць кватэры ўжо нават па $ 800 за квадратны метр. Праўда, пакуль гэта датычыць вялікіх, трох- і чатырохпакаёвак. Пры гэтым скарачаецца колькасць угодаў. Галоўная прычына – рост рызыкаў. Пэўнасці ў завяршэнні пры долевым будаўніцтве няма, адсюль і адток кліентаў.

«Колькасць угодаў на першасным рынку будзе скарачацца. Наагул для таго, каб рынак нерухомасці існаваў, павінна быць пэўная колькасць угодаў. Каб людзі вырашалі свае жыллёвыя праблемы без увагі на эканамічную сітуацыю. Сёння гэта колькасць у памеры 12 тысячаў угодаў у нашай сталіцы і я думаю, што такая колькасць будзе заставацца і ў перспектыве», – кажа Павал Астапеня.

За першыя тры месяцы сёлета беларусы набылі амаль 9 тыс. кватэраў. Летась за аналагічны перыяд – было зарэгістравана амаль 12 тыс. угодаў. То бок, рынак звузіўся на амаль 24 %. У Менску ж сітуацыя адваротная. Колькасць угодаў, нягледзячы на крызіс, вырасла на амаль 15 %.

Дзе адпачываць падчас крызісу?

Апошняя спроба разварушыць рынак перад сезонам. Больш за 150 турыстычных кампаніяў з усёй Беларусі дэманстравалі ў Менску свае паслугі і прыглядаліся да магчымасцяў сёлетняга сезону адпачынкаў.У разгар крызісу на турыстычным рынку адбылося моцнае падзенне аб’ёмаў папярэдніх продажаў тураў. Турыстычны бізнес прасеў адразу ж па некалькіх прычынах. Сярод іх пытанне бяспекі. Але зніжэнне попыту таксама выкліканае адсутнасцю ў беларусаў сродкаў. Нават тыя, хто мае магчымасці для адпачынку, шукаюць найбольш танныя прапановы.Таму прадстаўнікі турбізнесу прыкладаюць вялізныя намаганні, каб зацікавіць і прыцягнуць кліентаў. Адной са спробаў намацаць тэндэнцыі і попыт стаў традыцыйны міжнародны кірмаш «Адпачынак-2016».

«Я пераканана, што адпачынак – гэта тое, што ў жыцці кожны чалавек ставіць на адно з першых месцаў. І я думаю, што людзі ўсё роўна паедуць адпачываць. Проста, магчыма, сёлета выбіраюць больш танныя рэгіёны. Заўсёды існуе выбар, кожны можа абраць па сваіх магчымасцях і паехаць у краіну, дзе патраціць нашмат меншы бюджэт», – лічыць Святлана Клімовіч з турагенцтва «Інтэрсіці».

Кошты ў большасці турыстычных кампаніяў сёлета засталіся на ўзроўні 2015 году. Тураператары наракаюць, што рэсурсы для зніжак вычарпаныя, і разлічваюць, што беларусы ўсё ж не адмовяцца ад адпачынку, а проста цяпер адкладваюць да апошняга прыняцце рашэння. Ці так гэта – будзе зразумела бліжэй да пачатку актыўнай фазы сезону.«Сітуацыя не лёгкая, вядома, мы назіраем скарачэнне продажаў, але спадзяемся, што сітуацыя неяк зменіцца ў лепшы бок. Тым болей, што гэтае мерапрыемства, што адбываецца, выклікала цікавасць з боку турыстаў, нашых партнёраў. Мы заключылі шмат дамоваў з новымі агенцтвамі», – гаварыць Зінаіда Якаўлева з турагенцтва «Turtess».Яшчэ адной сёлетняй тэндэнцыяй на рынку зʼяўляецца рост попыту і, адпаведна, прапановы на ўнутраны турызм. Усё больш беларусаў выбіраюць адпачынак у сваёй краіне. Расце зацікаўленасць украінскім напрамкам. Перспектыўнымі накірункамі вызначаныя Грузія ды Чарнагорыя.

Каментары