Свет Паглядзелі «Он вам не Димон» – і выйшлі на вуліцы


Сёлетнія расейскія акцыі пратэсту адзначыліся не толькі новымі лозунгамі, але і новымі тварамі.

Больш за тысячу затрыманых прыкладна ў сотні гарадах Расеі, у тым ліку журналісты і апазіцыйныя лідары. У нядзелю ў Расеі прайшлі антыкарупцыйныя пратэсты, натхнёныя расследаваннем Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Сёлетнія акцыі адзначыліся не толькі новымі лозунгамі, але і новымі тварамі.

Толькі ў расейскай сталіцы праваабаронцы паведамляюць пра тысячу трыццаць затрыманых на акцыі ў нядзелю. Усіх іх вінавацяць у непадпарадкаванні паліцыі і ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

Праваахоўнікі ж забіралі практычна кожнага, хто меў пры сабе плакат, ці гумовую качку для ванны – сімвал расследаванняў Фонду барацьбы з карупцыяй. Людзі ж распавялі журналістам, што проста патрабуюць справаздачнасці расейскае ўлады і ў прыватнасці прэмʼер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева.

Безпасярэдняю прычынаю выйсця на вуліцы тысяч людзей стала расследаванне Фонду Барацьбы з Карупцыяй Аляксея Навальнага. З размешчанага ў сеціве фільму «Он вам не Димон», вынікае, што праз дабрачынныя фонды расейскі прэмʼер валодае яхтамі, шматлікімі дарагімі кватэрамі і віламі ў Расеі і за мяжой, а таксама вінаграднікамі і замкам у італьянскай Таскане. Гэта вывела на вуліцы зусім новы пласт расейскага грамадства.

«Гэта зусім іншыя твары, гэта не прафесійныя дэмакратычныя актывісты. Гэта школьнікі, студэнты, з якімі акурат Навальны здолеў паразмаўляць у сеціве, «Юцюбе» і «Фэйсбуку», яны паверылі, што карупцыяй Расеі існуе і барацьба з карупцыяй – вельмі істотна», – кажа Маша Макарава з асацыяцыі «За свабодную Расею».

Самога Аляксея Навальнага затрымалі ўчора і ўжо сёння пакаралі арыштам у 15 содняў, ды штрафам у 20 тысяч рублёў паводле абвінавачання ў арганізацыі «масавага адначасовага перабывання, або перасоўвання грамадзянаў у грамадскім месцы». Падобныя, хаця і значна менш людныя акцыі прайшлі прыкладна ў сотні расейскіх гарадоў. Без прынамсі некалькіх затрыманняў не абышлося нідзе.

«У тых краінах, дзе людзі больш актыўна выходзяць, там і жыццё лепшае і сярэдні заробак вышэйшы. То бок здольнасць грамадзянаў выйсці на вуліцу і патрабаваць таго, што ім належыць ад уладаў па праву, – вызначае паспяховасць грамадства і дзяржавы», – лічыць Сяргей Бойка, лідар кампаніі Аляксея Навальнага ў Новасібірску.

У Крамлі з пратэстоўцамі не пагаджаюцца, і сёння прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў – яшчэ адзін фігурант расследаванняў Фонду барацьбы з карупцыяй, падзяліўся афіцыйным меркаваннем наконт пратэстаў.

«Ёсць інфармацыя, што няпоўнагадовым удзельнікам акцыі ў Маскве ў выпадку іх затрымання абяцалі грашовыя ўзнагароды. Мы не можам з павагаю ставіцца да тых, хто свядома падманваў няпоўнагадовых», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў.

Дзмітрый Мядзведзеў наўпрост не пракаментаваў учорашнія акцыі. У адказ на пытанне ў «Інстаграме», як прайшоў ягоны дзень, прэмʼер падзяліўся : «Няблага, на лыжах пакатаўся».

«Улады не гатовыя размаўляць з расейцамі, – кажа Маша Макарава. – Так, напэўна Расея яшчэ не тая краіна, дзе грамадзяне гатовыя бараніць пабітых дзяцей, як тое было ўва Украіне ў 2014 годзе. Расейцы цяпер не гатовыя выходзіць і бараніць гэтых школьнікаў. Вядома, гэта мінус, але з іншага боку – той патэнцыял, што нарадзіўся. Гэта вельмі істотна».

Пратэсты ў расейскіх рэгіёнах – гэта штосьці, з чым дзейныя ўлады сутыкаюцца ўпершыню. Аднак, прынамсі пакуль, жорсткі хапун у правінцыі працуе не горш, чымся ў сталіцы.

Усевалад Шлыкаў

Каментары