Падзея сезону: Топ-10 касавых фільмаў 2016 года


Пачатак года. Падсумоўваем розныя вынікі 2016-га ў сусветным шоўбізе.

Цікавая тэндэнцыя – чым далей, тым больш і больш бачым анімацыяў на вяршынях хіт-парадаў. У гэты раз пералічу самыя прыбытковыя фільмы ў глабальным пракаце.

Падкрэслім адразу, што новыя «Зорныя бойкі» па-за межамі гэтай табліцы, бо на мяжы гадоў яшчэ не сабралі дастатковай касы. Яны трапяць у спіс 2017-га.

10. Касавую дзясятку 2016-га на планеце замыкае выдатная экранізацыя комікса «Доктар Стрэйндж», дзе ў галоўнай ролі блішчыць Бэнэдыкт Камбэрбэтч, з вынікам больш чым $ 650 млн.

9. Троху вышэй – «Фантастычныя істоты» з вынікам каля $ 720 млн. Зразумела, што гэты фільм эксплуатуе пачуцці аматараў франшызы з прыгодамі Гэры Потэра.

8. «Атрад самагубцаў» у глабальным пракаце сабраў $ 745 млн. Дзякуючы надзвычай агрэсіўнаму піяру. Вынік жа аказаўся досыць другасны і не вельмі захапляльны.

7. Затое ніхто не чакаў звышпоспеху экранізацыі комікса з назвай «Дэдпул». Блокбастары з удзелам Раяна Рэйналдса нярэдка правальваліся ў пракаце. А тут не проста велізарная каса ў амаль $ 800 млн, але яшчэ прызнанне кінакрытыкаў.

6. «Бэтмэн супраць Супермэна». І адзін, і другі тытульныя персанажы карыстаюцца звыш папулярнасцю. Але разам не могуць прапанаваць нічога асаблівага, апроч толькі што набору жанравых штампаў. Праўда, і гэтага аказалася дастаткова, каб сабраць $ 873 млн.

5. Вышэй пануюць анімацыі. Па-першае, «Патаемнае жыццё хатніх жывёлаў». Не вельмі высокія адзнакі ад гледачоў, але для бацькоў гэта – нярэдкая праблема: куды, на які фільм, пайсці разам са сваймі дзецьмі? $ 875 млн сабраў гэты мультфільм.

4. Дамінуюць у табліцы самых касавых фільмаў года ажно чатыры стужкі вытворчасці кінастудыі Ўолта Дыснея. «Кніга джунгляў» сабрала $ 966 млн касу.

3. Сапраўднае захапленне выклікаў у гледачоў мультфільм «Звераполіс». Ягоны агульны збор перавысіў планку ў мільярд долараў.

2. Фільм, які быў зняты літаральна па замовах гледачоў. Пасля поспехаў анімацыі «У пошуках рыбкі Нэмо», а гэта было ў 2003-м годзе, разгарнулася сапраўдная кампанія, ці, можа ініцыятыва з подпісам петыцыі пра здымкі працягу. Урэшце, бачыце, працяг быў зняты. Папулярная ў ЗША тэлевядоўца Элен Дэджэнерыс агучыла рыбку Доры і ў першым, і ў гэтым фільме.

1. Абсалютны лідар касавых збораў на планеце з вынікам $ 1,153 млрд «Капітан Амерыка: грамадзянская вайна». У мясцовым пракаце з невядомай нагоды фільм называўся «Першы мсціўца: супрацьстаянне». Жартуюць, што гэты опус можна называць «Мсціўцы: частка 2 з паловай». І што цікава, у 2018-м і 2019-м годзе выйдуць два працягі, як гэтага фільма, так і «Мсціўцаў», пад назвай «Вайна бясконцасці».

Так выглядаў спіс самых касавых стужак 2016-га ў глабальным пракаце.

Глядзіце таксама: