Новы спектакль ад «Тэатру Ч»


«Што рабіць з тыграм?» – гэта толькі адно з дзіўных пытанняў, якія паўстаюць перад героямі гэтага спектаклю. Новая пастаноўка незалежнага «Тэатру Ч» – паводле п’есаў польскага майстра абсурду Славоміра Мрожэка.«Тэатр Ч», які праславіўся «Дзядамі» Міцкевіча, гэтым разам узяўся за дзве абсалютна розныя п’есы Мрожэка, якія спецыяльна для спектаклю пераклаў на беларускую Серж Мінскевіч. Першая – «Пакуты Пятра Ахая» – была напісаная ў 50-я гады мінулага стагоддзя, але актуальнасці не страчвае. У лазенцы героя раптам заводзіцца тыгр, разам з якім у кватэры з’яўляецца цэлы натоўп розных прадстаўнікоў грамадскасці. Другая ж п’еса «Летні дзень» – абсурд метафізічны, пра раскол асобы і сустрэчу з прыўкраснай дамай. Звязаць два творы ў цэласны спектакль запрасілі польскага рэжысёра:ДАР’ЮШ ЯЗЕРСКІ, РЭЖЫСЁР, ПОЛЬШЧА:

«Гэта п’есы, якія нячаста граюць на ўсходзе Еўропы, таму што ў вас іншая акторская школа, у вас усё ідзе ад Станіслаўскага, апрацоўка псіхалагічная, а тут няма псіхалогіі, тут метафізіка, жанр не да канца зразумелы».

Дар’юш Язерскі больш як 20 гадоў займаецца пераважна эксперыментальным тэатрам. Мрожэка ён ставіў і раней у Польшчы і ў Грузіі. У Беларусі яму давялося працаваць з акторамі некалькіх тэатраў. Напрыклад, Дама знайшлася ў асобе акторкі-купалаўкі Юліі Шпілеўскай, а галоўнага героя ў абодвух актах грае Генадзь Гатоўчыц:ГЕНАДЗЬ ГАТОЎЧЫЦ, АКТОР:

«Усё лёгка было, усё было знаёма, абсурд, паўсюль абсурд, з дзяцінства яго ведаю».

На прэм’еры ў Палацы культуры ветэранаў сабраўся беларускі культурны бамонд, не абмінулі ўвагай тэатральную падзею і некаторыя палітыкі – напрыклад, Уладзімір Някляеў і Мікола Статкевіч.Аляксандра Дорская

Каментары