– Рэчы, якія трапляюць да вас – змяняюцца непазнавальна, становяцца іншымі?
– Я стараюся захаваць дух рэчы. Бо менавіта з той прычыны я абрала гэтую рэч – яна прывабіла сваёй гісторыяй. Гэта можа быць не новая вопратка, могуць быць вінтажныя рэчы, нават тыя, якім 50 гадоў. Могуць быць новыя, са стокаў, з шафаў маіх сяброў. Часам людзі проста не носяць сваіх рэчаў, гэтак штосьці можа правісець у шафе і два гады.
– У апісанні да «Tikota Unique» вы пішаце пра дызайнерскія стэрэатыпы. Што вы маеце на ўвазе?
– Існуе шмат стэрэатыпаў ажно да таго, што мусіць быць модным у гэтым сезоне. З досведу маёй мадэльнай кар’еры магу сказаць, што здаралася, як пасля паказу ўсе бягуць і скупляюць рэчы ад аднаго дызайнера. А потым прыходзяць на наступны паказ усе ў такіх самых спадніцах. Здавалася б – дызайнерская рэч, усе задаволеныя. Але пяць асобаў у такіх самых спадніцах…
– Вядома. Я сябрую са шматлікімі дызайнерамі, і ёсць сапраўды добрыя дызайнеры ў Беларусі. Тыя, што трымаюць узровень.
– Вы лічыце сябе сярод іх?
– Я нават не называю сябе дызайнерам. У мяне няма адпаведнай адукацыі і досведу працы. Але я не кажу, што я – швачка, хоць хадзіла на курсы і займалася гэтым некалькі гадоў.
– То хто вы тады?
– Эксперыментатар.
– Вяртаючыся ды рынку дызайнерскай вопраткі. Хто яе носіць? Наколькі яна даступная?
– Насамрэч, нельга вылучыць адной катэгорыі людзей. Дызайнерскія рэчы купляюць упэўненыя ў сабе людзі і тыя, хто за кошт рэчы спрабуе павысіць сваю самаадзнаку; тыя, каму гэта дазваляюць сродкі і хто не хоча быць падобным да агульнай масы. Тыя, хто мае свой погляд на свет і выкарыстоўвае рэч дзеля самавыражэння. Такую вопратку не сустрэнеш на рынку. Дызайнеры ўкладаюць шмат працы, каб падтрымаць сваё імя і прыцягнуць кліента. Тое ж датычыць і беларускіх прадпрыемстваў.
– Беларускія прадпрыемствы робяць… унікальную дызайнерскую вопратку?
– У іх спецыфічны падыход ды іншая мэтавая аўдыторыя. Гэта ў асноўным маладыя жанчыны ад 30–35 гадоў і вышэй. Для маладых дзяўчат, асабліва тых, што любяць хадзіць на вечарыны, спатканні, бавіць летнія вечары ў кафэ, амаль нічога няма. А калі і ёсць, то гэта 48–50 памер. Сапраўды добрая тканіна, цікавы прынт… Але памер! 22-гадовая беларуская дзяўчына ж не надзене сукенку не свайго памеру.
– Ёсць такі момант, але яшчэ людзі думаюць, што дызайнерскае адзенне, нават нашых беларускіх дызайнераў, – вельмі дарагое.
– А гэта не так?
– Гэта не заўсёды так… Ёсць, вядома ж, момант з мэтаваю аўдыторыяй. Ёсць людзі, якія праз статус не купляюць сабе рэчаў, якія каштуюць менш за пэўную суму. А ёсць тыя, хто мяркуе, што дызайнерская рэч – занадта дарагая. Але калі пашукаць, можна знайсці аптымальныя суадносіны якасці ды кошту.
– Калі у пашукавіку ўвесці «як апранаюцца ў Менску», то выскокваюць вельмі красамоўныя загалоўкі. «Як апрануцца мужчыне ў Менску, калі няма «Zara», «Апрануцца ў Менску, а не ў Вільні: місія невыканальная?» і далей у тым духу. Гэта праўда – што ў Менску апрануцца немагчыма?
– Я думаю, неабавязкова ехаць у Вільню. Напрыклад, на мне цяпер няма нічога прывезенага з-за мяжы, апроч туфляў. З абуткам у Менску цяжка. Але што датычыць сумачак, аксесуараў, то ёсць у Менску файныя дызайнеры. Напрыклад… можна імя называць?
– Хацелася б пачуць.
– Напрыклад, Мілана Хасіневіч з «Кilltoday» сапраўды робіць прыемныя рэчы са скуры. Што да вопраткі, то частка беларусаў сапраўды палюе на зніжкі ў заходніх сталіцах. Некаторыя базавыя рэчы, такія як шэры кардыган і чорныя штаны, я магу купіць у паездцы ў Кіеў ці ў іншых еўрапейскіх гарадах. Або просценькую сукенку. Тыя ж рэчы, якія становяцца для мяне дарагімі праз тое, што яны незвычайныя, я раблю сама. Усе, хто апранаецца ў «Zara», ведаюць: гэтыя карычневыя штаны ў хлопца, які ідзе праз дарогу, з «Zara» на 100 %. У выніку, груба кажучы, віленская «Zara» пераўтвараецца ў тыя ж самыя Ждановічы.
– У мяне ў сям’і два старэйшых браты, таму адзення для хлопчыкаў было шмат, а адзення для дзяўчынак, адпаведна, было мала. Тое, што было на рынках, мяне не задавальняла. Я знаходзіла пэўныя вінтажныя рэчы ў бабуль у куфэрках. Перарабляла, абразала, рабіла камізэлькі. З адных незразумелых рэчаў атрымліваліся іншыя незразумелыя рэчы, тым не менш мне было цікава іх насіць. Потым, калі я пераехала ў Менск, то і тут працягвала рэзаць і абразаць.
– …і атрымліваць адукацыю ў экалагічным кірунку
– Так, і дзякуючы гэтаму праект «Tikota Unique» мае экалагічны ўхіл. Гэта другое жыццё рэчаў. Я ўпэўненая: чалавек не можа ўвесь час толькі спажываць. Трэба несці адказнасць за ўсе свае дзеянні. Нават калі табе нейкая рэч не пасуе, колькі б яна не каштавала – $ 100 ці 50, не выкідай яе. Калі яна не пасуе табе, яна можа падыйсці камусьці іншаму. З’яўленне магчымасці даць рэчы новае жыццё вельмі важнае для свядомасці людзей.
– Акурат тое, што вакол нас адбываецца, не надта гэтаму спрыяе: масавае спажыванне, зніжкі, танная вопратка на рынку. Вам не падаецца, што гэтая ідэя тупіковая, бо для большасці прасцей купіць штосьці недарагое, а калі перастане падабацца, пайсці і купіць яшчэ штосьці недарагое?
– Я лепш куплю той жа абутак ці аксесуары, базавыя рэчы – штосьці дарагое, хай у тры разы даражэйшае, але буду мець якасную рэч. І гэта скараціць залішняе спажывецтва.
– Важную ролю адыгрывае месца пражывання. Людзі з глыбінкі не асабліва гэтым цікавяцца, бо і не асабліва шмат маюць магчымасцяў. Ім прасцей паехаць на найбліжэйшы рынак. Мае бацькі жывуць у вёсцы, я ніякім чынам не нагаворваю на глыбінку. У людзей няма іншага выбару і, у прынцыпе, ім гэтага не трэба. Тыя ж людзі, што жывуць у гарадах, перадусім гэта Менск ды памежныя Горадня, Берасце, якія маюць магчымасць выехаць у Польшчу ці Літву, зусім інакш выглядаюць.
– Такі падзел на гарады і «глыбінку» з’явіўся выключна праз фінансавыя магчымасці?
– А гэта ўжо правакацыйнае пытанне. Але я паспрабую адказаць. Вось хто едзе ў Менск?
– І сапраўды, хто едзе ў Менск?
– Выязджаюць у Менск і на Захад тыя, у каго большыя патрабаванні да тых умоваў, у якіх яны жывуць. Тыя, хто адчувае ў сабе большы патэнцыял дзеля развіцця, чым тыя магчымасці, якія дае яму маленькі горад. І калі гэтая асоба трапляе ў тое атачэнне, у якое імкнулася, то змяняецца і яго вонкавы выгляд. Бо змяняюцца патрабаванні гэтай асобы да самой сябе. Гэтак, дзяўчынак-першакрусніц можна адрозніць у метро ад дзяўчат з 4–5 курсу. Тое, як яны сябе трымаюць, які ў іх позірк і як яны апранаюцца. Тое, як сябе трымае чалавек, выдае ягонае ўспрыняцце свету.
– А што да мужчын – такое уражанне, што апрануцца добра часам бывае няпроста. Як пішуць калегі, «калі няма «Zara»…». Адкуль бярэцца гэтая дыскрымінацыя?
– На мінулым тыдні я дапамагала сваім братам у выбары новых рэчаў, гэткі «шоп-тур». Звычайна спачатку я хаджу па крамах адна, прыглядаюся, дзе і што можна набыць за больш-менш прымальны кошт і сімпатычнае… Гэта – тупік. (Смяецца). Насамрэч залежыць, хто якому стылю аддае перавагу. У тым жа «Jack & Jones» бываюць цікавыя мадэлі, колеры. Хоць гэта досыць масавае адзенне.
– А хіба беларускія мужчыны хочуць апранаць штосьці ўнікальнае?
– Яны хочуць апранацца так, каб ім было прынамсі зручна. У гэтым плане мужчыны больш патрабавальныя чымся дзяўчаты. Дзяўчына можа апрануць ультравузкую спадніцу і адчуваць сябе каралеваю. А мужчыне трэба, каб было зручна.
– Апошнімі гадамі ёсць у гэтым плане эвалюцыя ў беларускіх мужчынаў? Пінжакі і кашулі на два памеры большыя яшчэ сустракаюцца?
– Што да завялікіх пінжакоў, то я такога ўжо амаль не сустракаю. У прынцыпе, патрабаванні ў мужчын выраслі. Хлопцы сапраўды сталі лепш апранацца. Тыя, хто мае магчымасць кудысьці выехаць, як правіла, апранутыя добра.
– У якім кірунку рухаюцца густы беларусаў? Камусьці патрэбныя ўнікальныя рэчы, стыльныя ці перадусім – зручнасць і ўтылітарызм: хутка купіў, хутка знасіў, хутка выкінуў?
– Патрабаванні растуць, шмат людзей, якія цікавяцца модаю. Гэта больш нефармальная тусоўка: фатографы, музыкі ды людзі, якія ім «спачуваюць». Такія людзі імкнуцца набываць больш цікавыя і ўнікальныя рэчы. Нават у беларускіх крамах штосьці знаходзяць. Абсалютна ўсё залежыць ад чалавека. Нават калі б мы з вамі цяпер пайшлі ў ГУМ, то хоць штосьці ды знайшлі б.
Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu