(Не)абмежаваныя магчымасці: паралімпійская чэмпіёнка Людміла Ваўчок і «беларускі Нік Вуйчыч» Алена Васілевіч


Героі праграмы распавядаюць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі ў сацыяльных сетках. «Прыват» – душэўна пра чалавечыя душы і мары.

Не могуць не ўзрушваць людзі, якіх лёс ламаў ва ўсіх сэнсах, у тым ліку фізічна, але яны не здаліся. Надоечы беларуска Аляксандра Чычыкава перамагла ў конкурсе «Міс свету на вазку». А ў новым «Прываце» з Валярынай Куставай шматразовая прызёрка Паралімпійскіх гульняў у лыжных гонках і акадэмічным веславанні, маладая маці Людміла Ваўчок расказвае сваю неверагодную гісторыю!

«Я не магла глядзець на людзей у вазках. Думала, што хутка ўстану і пайду», – гаворыць чэмпіёнка і дадае: «Маёй першай перамогай было, калі мяне пасадзілі – і я заслала свой ложак».

Як перажыць трагедыю траўмы і застацца жыццялюбам? Неверагодна матывуючае выданне. «Узяць сябе ў рукі, або людзі з (не)абмежаванымі магчымасцямі».

Таксама ў выданні: «беларускі Нік Вуйчыч» – Алена Васілевіч: без рук ды ног яна нарадзіла сына ды спраўляецца з побытам, любіць рабіць «закаткі» ды фарбаваць вусны!

Найніжэйшы паштальён Менску Антон Макаранка: як жывецца чалавеку з малым ростам!

А таксама – Марына Краўцова, дырэктарка сацыяльных майстэрняў Прыхода Абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» раскажа пра ўнікальныя майстэрні, дзе людзі з абмежаваннямі могуць працаваць па розных у рамёствах, зарабляць і сацыялізавацца

А чым і кім матывуеце сябе вы, калі апаноўвае славутая агульная млявасць і абыякавасць да жыцця? Дзяліцеся з «Прыватам», бо «Прыват» – гэта, у прыватнасці, і пра вас.

Праграму «Прыват» Валярыны Куставай глядзіце кожны аўторак а 19:00 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.