Агляд падзеяў культуры Напраўду «Народны»: Больш за 200 чалавек праспявалі хіты культавага праекту


Больш за дзве сотні чалавек сабраліся ў галерэі Tut.by на адмысловы «Спеўны сход». Каб выканаць разам галоўныя гіты «Народнага альбому».

Звычайна на «Спеўным сходзе» развучваюцца даўнія народныя спевы і класіка, правераная стагоддзямі. Тым не менш «Народны альбом», якому ўсяго 20 гадоў, выдатна ўпісаўся ў канцэпцыю праекту Сяргея Доўгушава.

«Гэта народныя песні. Яны настолькі ўжо вядомыя, што іх можна лічыць народнымі», – падкрэслівае кіраўнік «Спеўнага сходу».

У межах імпрэзы таксама былі прэзентаваныя DVD і CD канцэрту «Народнага альбому», што прайшоў летась у Беластоцкай оперы пры падтрыманні «Белсату». Аляксей Мінчонак, генеральны прадзюсар «Белсату» у Беларусі, падкрэслівае, што дыск не прызначаны для камерцыйнага распаўсюджання: «Мы будзем распаўсюджваць гэтыя дыскі праз «Фэйсбук» і нашыя суполкі ў іншых сацыяльных сетках».

Самыя актыўныя ды смелыя атрымалі падарункі ад стваральнікаў «Народнага альбому» і тэлеканалу «Белсат» падчас імпрэзы.

«Я пабывала амаль на ўсіх «Спеўных сходах». Тут такая больш суцэльная атмасфера – адзіны народ. І ў рэальнасці «Народны альбом» аб’яднаў увесь наш беларускі народ», – дзеліцца ўражаннямі наведніца «Спеўнага сходу» Дар’я Баневіч.

Праз тыдзень, 24 лютага, «Народны альбом» дае канцэрт у Менску. Лявон Вольскі лічыць гэты выступ адметным: «Ён будзе адметны, бо ў Менску яго не было шмат гадоў. Я не памятаю, колькі, дзевяць? Восем? Нешта такога тыпу. Адметным ён яшчэ будзе тым, што будзе граць цяперашні склад, такі поўны».

Падзея адбудзецца ў зале «Prime Hallе», які змяшчае прыблізна 2000 чалавек. У продажы засталіся лічаныя квіткі.

Іншыя тэмы:

Выстава «Якуб Колас: вядомы і невядомы» адкрылася да 135-годдзя беларускага песняра ў Літаратурным музеі Якуба Коласа.

Мальер, «Хітрыкі Скапэна» – прэмʼера ў Коласаўскім тэатры ў Віцебску.

Глядзіце таксама:

Сяргей Будкін, Юлія Лабанава, Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Каментары