Найбуйнейшыя тэхналагічны кампаніі выказалі нязгоду з міграцыйным указам Трампа


Больш за сотню тэхналагічных кампаніяў Злучаных Штатаў, сярод якіх кампаніі-гіганты: Apple, Microsoft, Gogle, Facebook ды іншыя, звярнуліся ў Дзявяты акружны апеляцыйны суд ЗША са скаргаю на Доналда Трампа. Яны падрыхтавалі экспертны вывад аб ролі эмігрантаў у развіцці эканомікі.

Указ Доналда Трампа аб больш жорсткай іміграцыйнай палітыцы – гэта сыход ад прынцыпаў справядлівасці і прадказальнасці, і ён прыносіць значную шкоду амерыканскаму бізнесу, інавацыям і развіццю кампаніяў. Такія словы ўтрымлівае заява высокатэхналагічных кампаніяў у апеляцыйны суд дзявятай акругі ЗША. Гэты суд раней разглядаў скаргу Адміністрацыі прэзідэнта на рашэнне федэральнага суддзі Сіэтлу, які і прыпыніў дзеянне ўказу. Пакуль трампаўская забарона на ўезд не дзейнічае, жыхары мусульманскіх краінаў, прапісаных ва ўказе, ляцяць у Злучаныя Штаты.

«Я хвалявалася. Але мой муж працягваў мне казаць, што цяпер усё нармальна, праблему прыбралі. Так што дзякуй вам. Я ведаю, што медыі і журналісты зрабілі вялікую працу», – Раўда Адам, грамадзянка ЗША Суданскага паходжання.

Жыхароў Іраку, Ірану, Лівіі, Сірыі, Самалі, Судана і Емену ў аэрапортах сустракаюць прывітальнымі плакатамі і прапановамі бясплатнай юрыдычнай дапамогі. Указ Трампа ўжо прынёс шкоду іміджу ЗША. Прыехаць да сваіх семʼяў не маглі нават людзі, якія працавалі на Вашынгтон, у тым ліку падчас ваенных аперацыяў у гэтых краінах. Фуад Шарэф у Іраку працаваў на USAID – агенцтва Злучаных Штатаў у справе міжнароднага развіцця. Рашэнне федэральнага суддзі ў Сіэтле дазволіла яму аднавіць ануляваную візу.

«Я не ведаю, як апісаць гэта. Я вельмі-вельмі шчаслівы. Гэта асаблівы дзень, выключны дзень!», – кажа Фуад Шарэф, іракец, працаваў на USAID у Іраку.

Доналд Трамп адказаў на дзеянні судовай сістэмы загадам службам бяспекі вельмі шчыльна правяраць прыбылых ды крытыкай у сваім Твітэры.

«Паверыць не магу, што суддзя ставіць нашую краіну пад такую пагрозу. Калі штосьці здарыцца, вініце яго. Людзі льюцца ракой. Кепска!», – кажа Доналд Трамп.

Забарона на прыём уцекачоў і ўезд людзей з мусульманскіх краінаў яшчэ мацней падзялілі амерыканскае грамадства. Цяпер каля вежы Трампа ў Нью-Ёрку адбываюцца акцыі і пратэсту, і падтрымкі новага прэзідэнта, такія ж зацятыя, як і падчас выбарчай кампаніі.

«Нягледзячы на ўсе нашыя недахопы і на рэчы, якія кажа Трамп, я ўсё яшчэ веру, што ён – тая асоба, якая можа зрабіць сурʼёзныя змены», – кажуць прыхільнікі Трампа.

«Мы не згодныя з расізмам, мы не згодныя з гамафобіяй, мы не згодныя з дыскрымінацыяй!», – кажуць праціўнікі.

Канчаткова лёс антымігранцкага ўказу Трампа суд яшчэ вызначае. Сёння юрыдычныя прадстаўнікі штатаў Вашынгтон і Мінесота заявілі ў апеляцыйным суддзе, што вяртанне ўказа ў моц прынясе хаос і новую шкоду грамадзянам, бізнэсу і вышэйшым навучальным установам.

Яраслаў Сцешык belsat.eu