На помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі ўжо сабралі больш $ 6 тысяч


На старонцы talaka.org праходзіць збор сродкаў на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Ініцыятарам гэтага праекту выступіў вядомы журналіст, у тым ліку вядоўца Белсату, Глеб Лабадзенка. Які пераканы, што калі Касцюшка – гэта выбітны сын Беларусі, то і помнік яму мае стаяць на радзіме.

Ініцыятар падкрэслівае, што бюст нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША ўсталяваны толькі на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сехновічы, дзе была ягоная сядзіба. Глеб Лабадзенка прапаноўвае не шукаць вінаватых, і ўсёю талакою сабраць грошы на помнік у Мерачоўшчыне Берасцейскай вобласці, дзе Касцюшка нарадзіўся, і дзе працуе музей ягонага імя.

«За 9 дзён сабрана 67 % неабходных сродкаў на помнік Касцюшку. Гэта больш за 6 тысяч долараў. За 9 дзён гэта фенаменальны і выдатны вынік», – кажа Глеб Лабадзенка.

Грошы на фігуру сабраныя, адзначае журналіст.

«Цяпер збіраюцца грошы, каб помнік годна глядзеўся паблізу музею», – дадае ён.

Таксама Лабадзенка пракаментаваў усталяванне шыльды Касцюшку ў Швейцарыі.

«Гэтая шыльда 10 на 20 сантыметраў у нагах не заўважна ў Касцюшкі. Я пабачыў гэта і рассмяяўся. З-за гэтай шыльды, якая па памеры як аркуш А4 тыдзень тут за чубы амбасадары адно аднога цягалі».

Цалкам размову з Глебам Лабадзенкам глядзіце ў відэа