На дудуку ў Беларусі грае адзін чалавек


Душа абрыкосавага дрэва – гэтак паэтычна перакладаецца з армянскае мовы назва інструмента дудук. У адной з менскіх кавярняў выступіла адзіная ў Беларусі асоба, якая авалодала гэтым інструментам. У Карынэ Дрнаян – армянскія карані, і на дудуку яна вучылася граць на радзіме продкаў. А ў Беларусі скончыла Універсітэт культуры, дзе навучылася граць на духавых народных інструментах.

Інструмент гэты вельмі складаны, матывацыя мусіць быць моцная, каб сядзець і ім займацца. Напачатку можа не атрымлівацца. Калі я пачынала, мне было вельмі складана фізічна – думала: «Усё, кідаю гэтую справу, не буду больш займацца». Але пачала пераадольваць гэтыя складанасці самастойна», – кажа Карынэ.

Граць на дудуку складана нават фізічна – трэба мець распрацаваны вуснавы апарат і пальцы. У Арменіі дудук лічыцца тыпова мужчынскім інструментам. Не так даўно ў Менску выступіў самы вядомы ў свеце музыка, які ім валодае, – Джыван Ґаспар’ян. Карынэ ж на канцэртах, дзе выступае, звычайна распавядае публіцы пра гэты і іншыя рэдкія інструменты.

Карынэ выкладае дзецям у музычнай школе, так што, магчыма, неўзабаве ў Беларусі зʼявяцца новыя гульцы на дудуку.

Іншыя тэмы:

  • Sziget-2016
  • «Бульбамуві» ў Берасці.
  • Новая кніжка пра Гэры Потэра абагнала паводле папулярнасці шэкспіраўскіх «Рамэо і Джульету».

Марына Вашкевіч