Мянчук хацеў схуднець, а ў выніку памёр у лякарні


Паводле статыстыкі, каля 60% беларусаў маюць лішнюю вагу. Прычыны розныя: ад гарманальных збояў і хваробаў да няправільнага харчавання. Праблему можна вырашыць некалькімі спосабамі, але нямала людзей абірае самы хуткі – хірургічны. Як і наш герой. Але нешта пайшло не так.

«Прыгажосць патрабуе ахвяраў», – жартаўлівая прымаўка стала суворай праўдай для менчука Сяргея Дзідзюлі. Ён важыў 130 кг і вырашыўся на аперацыю. Аднак узнікла ўскладненне і цягам некалькіх дзён 34-гадовы бізнесовец і перспектыўны жаніх памёр.

Аперацыя, якая мелася паўплываць на зніжэнне вагі, Сяргею Дзідзюлю правялі напрыканцы траўня 2017 году ў сталічным шпіталі №4. Матуля памерлага Валянціна Дзідзюля перакананая, што ў смерці сына вінаватыя лекары:

«Год таму ў яго з’явілася цукроўка і ад гэтага развілася паўната. Я яму казала: сынок займіся спортам, а ён: медыкі забараняюць бегаць. Чаму лекар яму не сказаў, каб паспрабаваў іншыя сродкі, а пасля ўжо прыйшоў на гэтую «панажоўшчыну»? Яму не было таксама належнай увагі: прааперавалі і ніхто да яго не падышоў – медсёстры ставілі капельніцы і ўсё – ляжы. Я перапытвала ў лекараў: чаму яго ванітуе? Адказвалі – так трэба».

Пасля аперацыі ў Сяргея паўстала яшчэ адно ўскладненне, якое запатрабавала дадатковага хірургічнага ўмяшальніцтва. Вынікам сталася недастатковасць сістэмаў арганізма. Па факце смерці Сяргея Дзідзюлі Следчы камітэт праводзіць правяранне.

Герой другой часткі нашай праграмы – лекар-дыетолаг Іна Ражок мяркуе, што прычынай лішняй вагі могуць быць фізіялагічныя і псіхалагічныя праблемы людзей:

«Людзі часта не атрымоўваюць шмат якіх радасцяў у жыцці, і гэты недахоп яны «заядаюць». Канечне, любая нізкакаларыйная дыета дае вынік. Але вагу трэба не толькі знізіць, але і захаваць вынік, а гэта вялікая праблема. З-за таго, што людзі кідаюцца ў жорсткія дыеты, а пасля перастаюць трымацца элементарных правілаў харчавання, яны, на жаль, вяртаюць вагу».

Як худнець правільна, не робячы шкоды свайму арганізму, разам з вядоўцам Алесем Залеўскім разважаюць госці ў студыі «Людскіх справаў»: лекарка Вікторыя Болбат, якой удалося схуднець на 30 кілаграмаў, і вядучая праграмы «Фітнэс-Шмітнэс» Валярына Кустава, якая ў свой час схуднела на 45 кг.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» пра тое, як правільна худнець:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.