Агляд падзеяў культуры Музыкі пераспявалі песні з дзяцінства Барадуліна


Дзень народзінаў Рыгора Барадуліна ўжо другі год адзначаюць вялікім этнаканцэртам. Беларускія музыкі пераспявалі народныя песні, якія паэт чуў з дзяцінства ад маці.

Канцэрт у падарунак дзядзьку Рыгору, якому сёлета споўнілася б 82 гады, раскрывае яго як фалькларыста. Песні сваёй малой радзімы Вушаччыны народны паэт збіраў шмат гадоў, любіў спяваць і натхняўся імі ўсё жыццё. Надаць ім новае гучанне паспрабаваў музыка Сяргей Доўгушаў. Ён прапанаваў сучасным гуртам напісаць да іх музыку і выканаць ва ўласнай манеры.

Памятайма дзядзьку Рыгора!

Альбом «Песні матчыны з Вушаччыны» выйшаў у лютым, а грошы на яго, як распавядае аўтар праекту Сяргей Доўгушаў, сабралі праз краўдфандынг: «Я б хацеў, каб людзі ведалі гэтыя песні, шанавалі, любілі і спявалі. Мы знаёмім з імі – ужо і «Спеўныя сходы» былі па гэтых песнях, яны вельмі простыя. І каб далучаліся іншыя калектывы, гурты».

Бяседныя, жартаўлівыя, лірычныя – народныя песні аднавіліся ў розных стылях. Віктар Сямашка надаў ім ламанае авангарднае гучанне, хор «Салютарыс» выканаў а капэла. Калектыў «Варган» з блізкага да Вушачаў Полацку захаваў архаічнасць спеваў, разыграўшы на сцэне абрад вяселля.

А гурт «Re1ikt» далучыў пяшчотную песню «Дробненькі дожджык» да рок-музыкі, бо інакш, кажа музыка Аляксандр Дземідзенка, не атрымалася б: «Мы зразумелі, што лепш за ўсё зможам зрабіць менавіта яе. Таму што і наш герой больш да лірычнага героя падобны, і мы можам гэты настрой неяк адыграць, сваю цікавую аранжыроўку зрабіць».

Да дня народзінаў Рыгора Барадуліна «Re1ikt» прэзентаваў таксама кліп на песню з Вушаччыны.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык
Фота: «Беларускія героі»

Іншыя тэмы:

  • Дабро пераможа, калі яму памагчы. Інтэрактыўная прэм’ера ў віцебскай «Ляльцы»;
  • Якімі продкамі будзем мы? Іван Кірчук прэзентаваў гарадзенцам праект «Дарожка мая»;
  • Ігар Мельнікаў – пра беларусаў у складзе Арміі Краёвай.
Каментары