МУС Францыі хоча ўзяць пад кантроль мэсэнджэры


Новыя тэхналогіі – новыя выклікі. Еўропа шукае спосабы абароны ад тэрарызму ў сусветным павуцінні. Заканадаўча ўзяць пад кантроль праграмы для абмену паведамленнямі прапаноўвае МУС Францыі.

БЭРНАР КАЗЭНЁЎ:

«Гэта дазволіла б падпарадкаваць пэўным абавязкам тых аператараў, якія не выкажуць гатовасці да супрацы, – у прыватнасці, каб здабываць незаконныя інфармацыйныя звесткі або расшыфроўваць паведамленні ў межах судовых расследаванняў».

Падобныя захады прадыктаваныя неабходнасцю хутка рэагаваць на распаўсюд тэрарызму – апошнім часам у Францыі менавіта мэсэнджэр «Тэлеграм» усё часцей выкарыстоўваецца ісламістамі дзеля абмену паведамленнямі ды падрыхтоўкі супрацьпраўных дзеянняў. У сваю чаргу нямецкі міністр Томас дэ Мэзьер падчас выступу ў Парыжы звярнуў увагу на важнасць кааперацыі ў змаганні з радыкаламі. Сярод іншага, у сітуацыі, калі Еўразвяз перажывае ўнутраны разлад – развод з Брытаніяй.

ТОМАС ДЭ МЭЗЬЕР:

«Мы праводзім досыць крытычныя дыскусіі адносна Еўразвязу. Ці Еўропа мае сэнс быць?Ці захоўвае сэнс аб’яднанне Еўропы? І калі гаворка ідзе пра бяспеку, Еўропа прыносіць дадатковую вартасць. Еўропа гарантуе большую бяспеку, калі мы дзеем разам».

Пра неабходнасць узмацнення абʼяднанай Еўропы гаварылі і напярэдадні на італьянскім востраве Вэнтатэнэ. Там адбыўся мінісаміт з удзелам еўрапейскай тройкі – нямецкай канцлеркі Ангелы Мэркель, французскага прэзідэнта Франсуа Алянда ды італьянскага прэмʼера Матаа Рэнцы. Лідары сустрэліся ля магілы бацькі-заснавальніка Еўразвязу. І не выпадкова. Тут, ля крыніцы еўраадзінства, яны прадэманстравалі веру ва ўратаванне еўрапейскага праекту.

ФРАНСУА АЛЯНД:

«І толькі праз заангажаванасць мы можам прывесці Еўропу да будучыні, дзе ёсць адзінства і згуртаванасць. Асноўная рызыка на сёння – фрагментацыя, самалюбаванне».

Францыя, якая пакутуе ад тэрарыстычных атак, мусіць папрацаваць над бяспекай еўрапейскіх межаў, гэтак сама, як і Нямеччына. Абедзве краіны моцна крытыкуюць за мяккую міграцыйную палітыку. Зрэшты, гэтыя пытанні досыць важныя і для Італіі, якая ёсць транзітным пунктам для ўцекачоў. Тройка лідараў ясна выказалася за адзінства ў гэтых пытаннях.

МАТЭА РЭНЦЫ, ІТАЛЬЯНСКІ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР:

«У гэты момант скардзіцца і спрачацца – проста. Вельмі проста таксама знайсці вінаватых. І Еўропа – ідэальны ахвярны казёл шмат для каго».

А таму еўрапейскія палітыкі прапаноўваюць набрацца цярплівасці ды ў пэўным сэнсе пераладаваць праект Еўразвязу.

Праўда, кожная ініцыятыва мусіць прайсці доўгі ланцужок еўрапейскай бюракратыі. І атрымаць дывідэнды ў бліжэйшай перспектыве не атрымаецца.

ВС belsat.eu