Мільённыя хабары ідуць праз спартклуб Лукашэнкі?


Кавалак зямлі на вуліцы Ціміразева ў Менску, дзе стаіць дом Ніны Мігачовай, выкарыстоўваючы розныя падставы, хочуць адабраць мясцовыя ўлады. Першая спроба адбылася яшчэ восем гадоў таму. Тады зямлю хацелі забраць нібы пад пашырэнне вось гэтае дарогі. Амаль пяць гадоў ішлі разборы ў судах, але спадарыня Ніна змагла адстаяць свой дом.

«Выявілася, што зносу не падлягае, так як не было дзяржаўнае патрэбы», – кажа спадарыня Ніна.

Нягледзячы на тое, што паводле дакументаў дом пад знос не падпадаў, гаспадарам доўга не давалі дазволу на любыя інфраструктурныя працы, напрыклад, газарамонтавыя. Навіна пра тое, што дом ізноў забіраюць, прыйшла летась. Забудоўнік прапанаваў спадарыні Ніне кампенсацыю, якую яна лічыць неадпаведнаю.

«Нам не прапанавалі ніводнага варыянту кватэры, – распавядае ўласніца прыватнага дому. – «Строминвест-Ратомка» ацаніла нашыя 75 «квадратаў» у цэнтры гораду на $ 5800».

Менгарвыканкам стаў на бок забудоўніка, але нашая гераіня і гэтым разам змагла абскардзіць рашэнне ў судзе.

«Кажуць, што гэты надзел вымаецца для дзяржаўнай патрэбы. А насамрэч – аддаецца камерцыйнай фірме для пабудовы шматпавярховікаў», – сцвяржае спадарыня Ніна.

Спадарыня Ніна правяла ўласнае расследаванне і змагла атрымаць дакумент, які, на ейную думку, робіць больш зразумелым лаяльнасць гарадскіх уладаў да прыватнага забудоўніка.

«У адным з пунктаў чытаю: 50 долараў ЗША за кожны пабудаваны квадратны метр ад агульнай плошчы кватэраў жылых дамоў пералічыць на развіццё спорту і фізкультурна-аздараўленчага руху ў краіне праз прэзідэнцкі спартовы клуб», – распавядае жанчына.

Калі ўлічыць, што на гэтым месцы збіраюцца пабудаваць шматкватэрнікі, то лік можа ісці на мільёны долараў.

Былы дэпутат парламенту і юрыст Сяргей Скрабец зазначае, што гэта адна з карупцыйных схемаў, якая існуе ў нашай краіне.

«Кіруе прэзідэнцкім спартовым клубам сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый. Не сакрэт, што гэты клуб існуе на спонсарскія грошы, а спонсарства ў нашай краіне даўно перастала быць добраахвотным. На самай справе, гэта не з’яўляецца злачынствам па нашых законах, кожная фірма самастойна вырашае, каму яна хоча пералічваць і якія грошы. Але гэта схаваная форма карупцыі», – тлумачыць Сяргей Скрабец.

Аднак у любым выпадку Сяргей Скрабец раіць спадарыні Ніне дабівацца справядлівае кампенсацыі.

«Звяртацца да нашых заканадаўчых актаў, да пастановаў Менгарвыканкаму, у якіх кажацца, што ёй абавязаныя прадставіць такія ж жылыя метры, якія ў яе забіраюць, і ў тым жа раёне», – раіць юрыст.

Нашая гераіня кажа, што баіцца ўжо не толькі за свае маёмасныя правы.

«Цяпер я асцерагаюся за сваё жыццё. У дом былі пранікненні, скралі ноўтбук і некалькі іншых рэчаў. І рэагаванне міліцыі практычна адсутнічае. І звярнуцца мне па дапамогу, каб мяне абаранілі і захавалі маё жыццё, няма да каго», – кажа Ніна Мігачова.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Сіротам вылучаюць жыллё не ў пажыццёвае карыстанне
  • Беларусы – пра дапамогу сіротам
  • Жыхары Дроздава пытаюцца ў чыноўнікаў: дзе грошы?
  • Актывісты і гісторыкі намагаюцца выратаваць шляхецкую сядзібу

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.