У Ракаўскім прадмесці Менску разгарэўся міжнародны канфлікт.
Мясцовыя жыхары кажуць, што італьянскі амбасадар захапіў частку іхнага двара пад дыпламатычную паркоўку, і яны былі вымушаныя паркавацца ў некалькі шэрагаў. Рэч у тым, што канфліктная паркоўка месціцца ў суседнім двары, каля дому, дзе жыве амбасадар – Стэфана Б’янкі. Аднак яна нават не мяжуе з амбасадаю Італіі. Даходзіла да таго, што кансьерж дому выклікаў ДАІ, і аўты мясцовых жыхароў, якія наважыліся пакінуць іх на паркоўцы, эвакуявалі.
Людзі звярнуліся ў ДАІ ды адміністрацыю гораду, каб ім патлумачылі, хто даў дазвол усталяваць дарожны знак «Спыняцца нельга, акрамя дыпламатычнага транспарту», але ўцямнага адказу дасюль не атрымалі. Чым скончылася гісторыя, глядзіце ў сюжэце з праграмы «Маю права».