Маці 5 дзяцей занеслі ў чорны спіс у адміністрацыі прэзідэнта


У сям’і Сіўцовых – 4 сыны ды маленькая дачка. Бацька працуе на будоўлі, і грошай ледзь хапае на арэнду трохпакаёвае кватэры ў Менску, ежу і неабходнае для дзяцей. Сям’я ўжо дзесяць гадоў стаіць у чарзе на жыллё ў Лагойскім раёне, але ў рэгіёнах нічога не будуюць. Таццяна Сіўцова кажа, што чыноўнікі не вельмі адкрытыя на дапамогу ў гэтай сітуацыі.

«Выйшаў чыноўнік такі, кажа: а што вы хаціце? Тут у горадзе людзі, а вы на перыферыі – вы быдла. Вы быдла! Ўсё, мяне проста ў чорны спіс унеслі ў адміністрацыі прэзідэнта, сказалі больш не пускаць яе, таму што яна ходзіць і просіць…»- распавядае Таццяна.

Пасля ўзнагароджання жанчыны Ордэнам Маці ў выканкаме паабяцалі даць кватэру… толькі ў арэнду, а не ва ўласнасць. Кожная шматдзетная сям’я мае льготу на дзіцячы садок – 50% кошту, але за траіх дзяцей на месяц усё адно атрымліваецца істотная сума – больш за 200 рублёў. Сіўцовы маглі б атрымліваць бясплатнае харчаванне для дзіцяці да двух гадоў як малазабяспечаная сям’я, аднак іхны сярэднедушавы даход на дзесяць капеек перавысіў бюджэт пражыткавага мінімуму. Таму і тут – адмова.

Леанід Скарабагаты, бацька 9 дзяцей і прадпрымальнік з 1992 года, лічыць, што лепш не павялічваць дапамогі для шматдзетных сям’яў, а рабіць спрыяльныя ўмовы для бізнесу, каб кожны мог зарабіць грошы сам:

«Лепей самому зарабіць, і не трэба ні ў каго выпрошваць, кланяцца, там, умаляць. Зарабіў – і сам сабе ты гаспадар». – кажа шматдзетны бацька.

Часта звяртацца па адрасную дапамогу ў сацыяльныя службы Леанід не раіць: гэта можа быць адной з прычынаў пільнае ўвагі да сям’і з боку органаў апекі. Якую ж рэальную дапамогу атрымліваюць у Беларусі шматдзетныя сем’і, глядзіце ў сюжэце.

А гэта – праграма «Асабісты капітал» цалкам: