Мастак Іосіф Капелян вярнуўся ў Бабруйск праз 40 гадоў


І падарыў гораду ўсе творы з выставы, якую прывёз у горад дзяцінства.

«Сустрэча праз 40 гадоў. Нэтанья – Бабруйск» – пад такою назвай у галерэі Бабруйскага мастацкага музею адкрылася выстава Іосіфа Капеляна. Мастак, лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Рэрыха і заснавальнік Аб’яднання прафесійных мастакоў Ізраілю амаль 40 гадоў таму з’ехаў з Беларусі, зладзіўшы на развітанне ў Бабруйску сваю першую персанальную выставу, а цяпер – вярнуўся, каб зарганізаваць другую ў Беларусі ды 41-ую персанальную выставу ў родным горадзе. На адкрыццё выставы сабраліся сябры і калегі, якія вельмі даўно не бачылі Іосіфа Капеляна. Сам мастак не хаваў узрушэння.

«Я вельмі ўсхваляваны і радасны, што сёння тут адкрываецца мая выстава. І не толькі таму, што выстаўленыя для паказу мае працы, а яшчэ і таму, што я ў горадзе, дзе нарадзіўся. Гэта горад майго дзяцінства, юнацтва і маё хваляванне – ад успамінаў, ад сустрэчаў, і, вядома, ад таго, што адкрываецца мая 41-ая выстава».

Выставу суправаджалі нечаканыя сустрэчы і прыемныя сюрпрызы – сярод іншага, кранальны эпізод, калі павіншаваць майстра кветкамі выйшаў арганізатар выставы 40-гадовай даўніны мастак Сямён Абрамаў. Былі і іншыя сюрпрызы: напрыклад, цёплыя прывітанні вучняў вядомага бабруйскага педагога Барыса Бяляева, якому свет абавязаны тым, што на небасхіле выяўленчага мастацтва, апроч Іосіфа Капеляна, узніклі такія зоркі, як народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі, Людвіг Асецкі, Леанід Марчанка.

Іосіф Капелян прэзентаваў землякам 72 творы, выкананыя ў перыяд з 1969 да 2012 гг. – гэта графіка, акварэль ды акрыл. Больш за ўсё пейзажаў: французскія акварэльныя пейзажы і віды старажытнага Ерусаліму суседнічаюць з рымскімі замалёўкамі ды вугальнымі краявідамі Нетаньі. Прыемным сюрпрызам для гораду сталася рашэнне Іосіфа Капеляна падарыць Бабруйскаму мастацкаму музею ўсе творы, прывезеныя на выставу ў Бабруйск.

Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Ведай нашых! Беларуская кароткаметражка – сярод прызёраў на кінафестывалі ў ЗША.
  • Могілкі, якіх няма: экскурсія па гомельскіх некраполіях.
  • «Залаты леў» 57-га Венецыянскага біенале – для немцаў.