Сведкі. 1990-я Марш Свабоды – 1999


17 кастрычніка 1999 году ў Менску на скрыжаванні вуліц Першамайскай і Пуліхава адбылася жорсткая сутычка паміж удзельнікамі «Маршу свабоды» і міліцыяй. Дзясяткі чалавек былі параненыя, шмат каго кінулі ў турмы.

У той дзень з патрабаваннямі да ўлады спыніць выкраданне палітычных апанентаў, выпусціць на волю палітвязняў, а таксама з лозунгамі за незалежнасць краіны выйшлі на менскія вуліцы больш як 30 тыс. чалавек. Стартаваў марш на плошчы Якуба Коласа і па праспекце Скарыны і вуліцы Сурганава дайшоў да плошчы Бангалор.

Пасля невялікага мітынгу дэманстранты рушылі ў цэнтр гораду, разгарнуўшы 30-метровыя палотнішчы сцягоў – бел-чырвона-белага і Еўразвязу. У калоне дэманстрантаў пераважала моладзь. Людзі скандавалі: «Свабоду палітвязням!», «Не – дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!», «Жыве Беларусь!». На шляху дэманстрантаў міліцыянты і людзі ў цывільным раз-пораз правакавалі ўдзельнікаў на бойкі, а на скрыжаванні з вуліцай Пуліхава іх чакала пастка.

Бойка трывала каля паўгадзіны. Уцякаючы з-пад дубінак і ботаў спецназаўцаў, людзі нават кідаліся ў ледзяную раку. Працягваліся сутычкі і пазней, калі міліцыя пачала рабіць зачысткі двароў. «Марш свабоды» паказаў беларусам, што з дыктатурай можна змагацца. З таго часу палітыкі ў Беларусі бясследна не знікалі. Так завяршыліся змагарныя 1990-я гады.

Сведкі: Вінцук Вячорка і Мікола Статкевіч

Каментары