Свет Жыхары Манчэстэру пускалі да сябе на ноч тых, хто не мог вярнуцца дадому


Брытанская паліцыя арыштавала чалавека, падазраванага ў датычнасці да атакі тэрарыста-смяротніка падчас канцэрту на Манчэстар-арэне. Адказнасць за атаку ўжо ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

Выбух на Манчэстар-арэне адбыўся напярэдадні позна ўвечары, калі спявачка Арыяна Грандэ скончыла выступ. Гэтая канцэртная зала на 21 тысячу чалавек найвялікшая ў Еўропе. Шмат шкоды нарабіла паніка.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу вядома пра 22 загінулых, у тым ліку непаўнагадовых. Прынамсі 59 чалавек атрымалі раненні. Цяпер ваколіцы канцэртнай залі ачэпленыя, там ідзе следства.

«Узровень пагрозы ўсё яшчэ сурёзны. Гэта значыць, тэрарыстычныя акты высокаверагодныя. Але Незалежны аб’яднаны цэнтр аналізу тэрарызму, які высвятляе ўзровень пагрозы на падставе дасяжных яму звестак, будзе працягваць даваць ацэнку цягам дня і ў наступныя дні», – заявіла прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

Паліцыя ўжо ідэнтыфікавала тэрарыста-смяротніка, але не раскрывае падрабязнасцяў.

«Наш прыярытэт – высветліць, ці ён дзеяў адзін, ці як частка падпольнай сеткі. Я магу пацвердзіць, што нападнік памёр на месцы. Мы лічым, што нападнік меў самаробнае выбуховае прыстасаванне, якое і ўзарваў», – кажа галоўны канстэбль Вялікага Манчэстэру Іян Хопкінз.

Свае спачуванні параненым ды семʼям загінулых выказала як кіраўніцтва Брытаніі, так і лідары краінаў свету.

Службы бяспекі ад Японіі да Сінгапуру падвысілі ўзровень пільнасці. Міністэрства ўнутраных справаў Францыі праінструктавала арганізатараў спартовых і культурных імпрэзаў».

«Гэтая тэрарыстычная атака толькі ўзмоцніць нашую рашучасць супрацоўнічаць надалей з нашымі брытанскімі сябрамі супраць тых, хто плануе і здзяйсняе такія бесчалавечныя ўчынкі, – заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. – Хачу запэўніць народ Брытаніі – Нямеччына на вашым баку».

У расследаванні тэракту з брытанскімі ўладамі шчыльна супрацоўнічаюць і Злучаныя Штаты. Прэзідэнт ЗША назваў арганізатараў тэракту злоснымі няўдачнікамі, ды заклікаў грамадства абʼяднацца і не дараваць праліццё нявіннай крыві.

«Тэрарысты і экстрэмісты і тыя, хто даюць ім дапамогу і камфорт, мусяць быць выгнаныя з нашага грамадства назаўжды. Гэтая злосная ідэалогія мусіць быць знішчаная, цалкам знішчаная, і нявінныя жыцці мусяць быць абароненыя», заявіў Доналд Трамп.

Прыклад аб’яднання паказалі жыхары Манчэстэру. Людзі пасярод ночы прапанавалі свае дамы тым, хто прыехаў на канцэрт і не можа вярнуцца дадому, або шукае сваякоў. Таксама ў сацыяльных сетках добраахвотнікі распачалі пошук непаўнагадовых наведнікаў канцэрту, якія згубіліся падчас панікі. Таксісты бясплатна развозілі людзей, а ў шпіталях людзі працягваюць здаваць кроў для параненых.

«Хачу падзякаваць сотням паліцыянтаў, ратаўнікоў і медыкаў, якія працавалі ўсю ноч у найцяжэйшых умовах, якія толькі можна ўявіць, – сказаў мэр Манчэстэру Эндзі Бэрнэм. – Мы атрымалі словы падтрымання з гарадоў усёй краіны і з усяго свету, і мы ўдзячныя за іх. І хачу падзякаваць жыхарам Манчэстэру. Праз хвіліны пасля атакі яны адкрылі свае дзверы незнаёмым людзям і схавалі ад небяспекі».

Цяпер у Вялікай Брытаніі падвышаныя захады бяспекі, на вуліцах узмоцненыя патрулі паліцыі. Праз падазрэнні аб пагрозе новых тэрактаў былі эвакуяваныя аўтавакзал Вікторыя ў Лондане і гандлёвы цэнтр у Манчэстэры, але ў абодвух выпадках гэта была фальшывая трывога.

Яраслаў Сцешык

Каментары