Любоў да арыгіналу і майстэрства копіі


Густаф Клімт, які на пачатку ХХ ст. скарыў свет жаночымі вобразамі, велічнымі, эратычнымі ды пяшчотнымі, стаўся культавым мастаком, і сёння ягоныя творы шматкроць паўтараюцца ў інтэр’ерах, на вопратцы ды сувенірах.

Адчуць магію «Пацалунка» або «Залатой Адэлі» могуць і менчукі – на выставе поўнафарматных копіяў аўстрыйскага генія, што адкрылася на шостым паверсе новага гандлёвага цэнтру «Galeria Minsk». Распавядае адміністратар выставы Андрэй Журко:

«Выставу зрабілі падобнаю нават не на галерэю, а больш на майстэрню. Калі звернеце ўвагу на падлогу, на сцены, на абстаноўку, то гэта творчая майстэрня. Нават у гэты момант людзі яшчэ робяць сваю працу – расфарбоўваюць калоны».

Клімт, услед за візантыйскімі мазаікамі, спалучаў алейныя фарбы і сусальнае золата. Тое ж зрабіў і аўтар копіяў. Ягонае імя на выставе не фігуруе, але вядома, што гэта віцебскі мастак Зміцер Гаралевіч. Замову ён атрымаў ад менскага калекцыянера, які пажадаў застацца невядомым. Для выставы давялося атрымаць дазвол з музеяў, дзе захоўваюцца арыгіналы, і набыць электронныя выявы твораў. Мэтаю калекцыянера было праз якасныя копіі даць магчымасць кожнаму беларусу дакрануцца да высокага мастацтва.

Некаторыя шэдэўры Клімта мы ўвогуле можам ацаніць толькі ў копіях. Карціна «Сяброўкі» разам з яшчэ 13 творамі падчас вайны захоўвалася ў замку Імэндорф. Калі ў 1945 г. нацысты адступалі, яны спалілі замак. Уся калекцыя згарэла. Засталіся толькі накіды і чорна-белыя здымкі, якія даюць уяўленне пра страчаныя творы.

На выставе «Залаты перыяд» Клімта прэзентаваны пейзажамі і копіямі алоўкавых накідаў. Належыць выстава расейскай галерэі «Gallery Moscow», а ў Менску экспазіцыя застанецца да 15 лютага.

Іншыя тэмы:

«Калі ялінкі былі вялікія» – выстава аднаго дня.

Эка-калядкі ды Вольскі з Вайцюшкевічам.

Каза «талакоўцаў» у Гомлі святкуе 20-гадовы юбілей.

Сёння – Сусветны дзень «The Beatles».

Глядзіце таксама:

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu