Класкоўскі: Лукашэнка думае, як супрацьстаяць расейскай прапагандзе


Калі чыноўнік не размаўляе з журналістамі, то яго заменяць. Прынамсі Лукашэнка гэтак паабяцаў сёння ў часе сваёй сустрэчы з праўладнымі журналістамі ў сценах Белтэлерадыёкампаніі. Вось толькі на сустрэчу ў БТ не запрасілі аніводнага незалежнага журналіста. Цікава, ці абяцанне Лукашэнкі распаўсюджваецца на яго самога.

«Кепска, калі ў краіне адзін палітык. Калі зачышчана ўсё палітычнае поле і тады прэса чакае, што першая асоба нешта скажа. Прэса пачынае распілоўваць ягоныя доўгія прамовы на цытаты і абсмоктваць і каментаваць, але гэта сведчанне, што ў нас ненармальная палітычная сістэма», – палітычны аглядальніккажа Аляксандр Класкоўскі.

Палітолаг адзначае, што тэму Канстытуцыі Лукашэнка закрануў туманна.

«Ён сказаў, што магчыма калісьці нам спатрэбіцца частку паўнамоцтваў перадаць іншым галінам улады, але пасля схамянуўся і дадаў, што гэты момант не настаў».

Паводле Класкоўскага бачна, што Лукашэнка заклапочаны ідэалогіяй.

«Лукашэнка вельмі асцярожна, каб не дражніць Маскву, назваў сябе вялікім нацыяналістам, сказаў, што хоча глядзець толькі свае каналы. Гэта значыць, там на версе думаюць, як ставіць бар’ер расейскай прапагандзе, каб не раззлаваць Крэмль».

«Некалі Лукашэнка быў не кепскім прамоўцам у парламенце. Ён за кошт гэтага і вылучыўся, што рваўся да мікрафона і з пафасам некага выкрываў, але я думаю, ён ужо страціў і свае палемічныя здольнасці і красамоўнасць… Таму і атрымаўся такі вінегрэтны жанр».

Больш глядзіце ў «Гарачым каментары»