«Кітайскія крэдыты вельмі дарагія, а інвестыцыі невялікія». Эканаміст пра адносіны Беларусі і Кітая


Сёння падчас сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не знойдзецца ў Еўропе больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь. Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што ад партнёрства з Кітаем беларуская эканоміка атрымлівае ня шмат карысці.

«Лукашэнка ўжо даўно абʼявіў Кітай стратэгічным партнёрам і мы маем ужо вынікі гэтага стратэгічнага партнёрства. А вынікі наступныя: цяпер наш экспарт у Кітай у 4 разы менш нашага імпарту з Кітая. То бок у плане знешняга гандлю Кітай нам моцна не дапамог», – адзначае эканаміст.

Злотнікаў кажа, што Кітай накіроўвае ў Беларусь ня шмат інвестыцыяў. Замест гэтага ён дае звязаныя крэдыты, якія пайшлі на мадэрнізацыю некаторых галін прамысловасці, будаўніцтва дарог і г.д.

«Мадэрнізацыя аказалася неэфектыўная, а кітайскія крэдыты аказаліся вельмі дарагія. Пад гэтыя крэдыты кітайцы патрабавалі, каб мы куплялі іх абсталяванне, наймалі іх рабочых, сумесна распрацоўвалі праекты. Мы плацілі Кітаю за ўсё гэта, а таксама працэнты за крэдыт. А кітайскія інвестыцыі вельмі невялікія – яны значна менш за польскія. Таму нельга сказаць, што Кітай тут шмат праектаў рэалізаваў», – падкрэсліў экспэрт.