Кіпр мае рэальны шанец на ўзʼяднанне. Ці будзе ён рэалізаваны?


Канфлікт паміж Турцыяй і паўднёвай часткай Кіпру доўжыцца больш за 40 гадоў. Аднак сёння ўзʼяднанне выспы рэальна, як ніколі раней.

У Жэневе пачалася двухдзённая канферэнцыя па пытаннях урэгулявання кіпрскага канфлікту.

Ўварванне турэцкіх войскаў пасля ваеннага перавароту на Кіпры 1974 года падзяліла гэты востраў на часткі. На поўначы сфармавалася Турэцкая рэспубліка паўночнага Кіпру, якую акрамя Турцыі ніхто не прызнаў. Сёння еўрапейская прэса называе Кіпр апошнім мурам Еўропы. Непрызнанне Турцыяй незалежнасці Кіпра і перашкоды яго абʼяднанню зʼяўляецца адной з прычынаў, чаму сама Турцыя дагэтуль не ў Еўразвязе.

Адноўленыя ў Жэневе, пасля правалу ў 2008 годзе, з удзелам краін-гарантаў Турцыі, Грэцыі і Вялікай Брытаніі перамовы, могуць стаць пачаткам зʼяўлення на мапе свету новага Кіпру ў выглядзе федэратыўнай рэспублікі.

«Гэта наш лепшы шанец. І нішто не прымусіць мяне думаць, што нам выпадзе іншы, лепшы, чым гэты. Усё гэта мы ўжо спрабавалі. Няма ніякіх прыкметаў таго, што свет за гэты час стане лепшы, больш канструктыўны, што людзі стануць лепш адзін аднаго разумець, а праблемы прасцей вырашацца, і што светам будуць кіраваць больш разумнейшыя людзі», – адзначыў дарадца генеральнага сакратара ААН Эспэн Барт Эйдэ.

Пачатку канферэнцыі папярэднічалі міжабшчынныя перамовы, якія стартавалі ў панядзелак у жэнеўскім аддзяленні ААН. Удзельнікі сустрэчаў ужо абмеркавалі самыя цяжкія пытанні і нават абмяняліся мапамі, падаючы бачанне тэрытарыяльнага падзелу федэратыўнай Кіпра.

«Я сапраўды думаю, што гэта апошні шанец нармалізаваць сітуацыю на Кіпры. Надышоў час абʼяднаць востраў», – заявіў кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

Фактычна бакі павінныя дамовіцца аб саступцы з боку грэкаў-кіпрыётаў 28,2% тэрыторыі на карысць турак-кіпрыётаў. Турэцкі бок хоча на 1 % больш. Выніковы падзел прагназуецца ў дыяпазоне прыкладна пасярэдзіне паміж гэтымі паказнікамі (28,6-28,7%).

Пасля заключэння пагаднення па Кіпры федэратыўная рэспубліка застанецца ў складзе Еўразвязу. Чакаецца, што дасягнутыя дамоўленасці па ўсіх аспектах урэгулявання будуць вынесеныя на рэферэндум, у якім возьмуць удзел жыхары абедзвюх частак востраву.

Ігар Віняўскі, Віталь Бабін, belsat.eu