Відзьмо-невідзьмо «Кінапрэмʼера тыдня»: «Конг: выспа чэрапа». Новыя прыгоды гіганцкай малпы


Высокабюджэтнае кіно зноў выходзіць па першы план пасля сезону зімовай артгаўзнай спячкі. І вяртаецца з гіганцкімі прэтэнзіямі! Ва ўсіх сэнсах. Бо на экран вылазяць разнастайныя монстры ды страшыдлы пад правадырствам самога Кінг Конга. Гэта не класічны сюжэт пра агромністую малпу, але сваеасаблівы працяг стужкі, якая была досыць папулярнай дзесяцігоддзе таму.

Сусветная прэмʼера новага фільма пра Кінг Конга адбылася ў Лондане. Шыкоўныя постары і дэкарацыі сустракалі гледачоў ды выканаўцаў галоўных роляў. Бюджэт «Выспы чэрапа» 190 мільёнаў долараў. Чакаецца, што фільм зробіцца адным з найвялікшых блокбастараў 2017-га.

У цэнтры ўвагі – Том Хідлстон: «Вось гэтая малпа на постары вышынёй 100 футаў і ёсць сапраўдным героем стужкі. Мяркую, што яна не ўціснулася б на гэтую плошчу… Прыемна, што прэмʼера адбываецца ў маім родным Лондане. Я гадаваўся тут. І бегаў па кінатэатрах у падлеткавым узросце».

Акторка Бры Ларсан раней не здымалася ў блокбастарах:

– Мяркую, што Конг – гэта метафара. Ён нібы велізарная моц прыроды, бароніць ягоны сусвет ад разбурэння.

Конг – той самы маўклівы персанаж, які, між іншым, зрабіўся адным з найпапулярнейшых сімвалаў кіно ва ўсім свеце. Для розных пакаленняў… Можна доўга спрачацца пра змест, але ў нашым фільме ўзнікае эмацыйная сувязь з гэтым монстрам.

Працэс здымкаў новага Кінг Конга быў досыць складаным: шмат чаго здымалі ў павільёнах на зялёным фоне, шмат патрэбна было граць у экзатычных лакацыях.

Рэжысёр падкрэслівае: – А я хацеў, каб усё выглядала натуральна. Таму мы паехалі здымаць у варʼяцкія джунглі – у Тайланд і Аўстралію. Працавалі ў такіх месцах, дзе не было раней нагі чалавека.

Том Хідлстон: – Унутры нас жыве нейкае дзіцячае захапленне сілай прыроды. Яно не знікае ў сталым узросце. Ідэі «натуральнага стылю жыцця ў натуральным свеце» шырока распаўсюджваюцца. Конга можна лічыць сімвалам. Ён – альфа драпежнік, які ёсць часткай інтэлекту прыроды. Таму такі захапляльны для нашага ўяўлення.

У беларускім кінапракаце «Конг: выспа чэрапа» пачынае дэманстравацца з 9-га сакавіка.

Сяргей Філімонаў

Каментары