Кінапрэмʼера тыдня: «Фарсаж 8»


Шэрагі разнастайных зорак – ад Хэлен Мірэн і Шарліз Тэран… да Віна Дызэла, Стэйтэма, Скалы Джонсана… і таксама мінімальную колькасць думак… можна будзе сустрэць у галоўнай прэмʼеры бягучага тыдня. Яе назва – не сакрэтная. Гэта – «Фарсаж 8».

Пасля неймавернага поспеху папярэдняй стужкі гэтай франшызы два гады таму, стваральнікі пастанавілі не спыняцца, нават, не гледзячы на смерць актора Пола Ўокера.

Сусветная прэмʼера восьмага фільма франшызы адбылася ў Пекіне. Першыя серыі «Фарсажу» напачатак 2000-ых былі нескладанымі, немудрагелістымі забаўкамі, чымсьці з плыні «аўто, злачынствы плюс дзяўчаты». Ніхто не паверыў бы, што ў гэтым серыяле зʼявяцца сурʼёзныя акторы кшталту Хэлен Мірэн ці Шарліз Тэран. Але час ідзе і ўсё змяняецца.

«Мая гераіня не звычайны злы герой, ці антыгерой. Яна складаная. Так, яе спакусілі рэчы, якія заўжды спакушаюць людзей. Яна прагне ўлады – гэта так. Але ж у яе свае сакрэты, свае шкілеты ў шафе. У сваіх характарах я заўжды шукаю моц, апантанасць, але памятаю, што заўжды існуе адваротны бок. «Беласнежка і паляўнічы», «Монстар» ці «Варʼяцкі Макс» – мяркую, што гэты мой персанаж стане ў шэраг жанчын, твары якіх нібы адлюстроўваюць жорсткасць свету, дзе мы жывем», – Шарліз Тэран.

Здымкі восьмага «Фарсажу» адбываліся ў розных месцах планеты. На Кубе, у Ісландыі, у цэнтральнай Еўропе і, натуральна, у ЗША. Зразумела, што абмежаванняў з боку бюджэту тут не было. Любыя спец эфекты выкарыстоўвалі для рэалізацыі любых фантазіяў сцэнарыстаў на экране.

«Мой герой, – кажа Джэйсан Стэтэм, – Сядзіць за кратамі… Трэба яго выцягнуць адтуль. На дапамогу прыходзіць герой Дуэйна Джонсана… Мы, увогуле, выдатная пара. Ён увасабляе гару мускулаў, а я – спрыт. І гэта выглядае добра».

І, вось, рэжысёр фільма Гэры Грэй згадвае:

«Здымкі пачыналіся роўна год таму ў Ісландыі на лёдзе, у фантастычным асяроддзі. Мяркую, што гэта былі найскладанейшыя сцэны. Туды павезлі ўсю тэхніку, і тое былі не здымкі, але пакуты».

Што ж, пакуты стваральнікаў абяцаюць ператварыцца ў захапленне гледачоў… У беларускім кінапракаце Фарсаж 8 будзе дэманстравацца пасля 13 красавіка.

Сяргей Філімонаў