Кандыдат распавёў, хто пераможа на выбарах у Магілёве


Інтрыгі на мясцовых выбарах няма і не будзе, цвердзяць дэмакратычныя актывісты літаральна па ўсёй краіне. Кандыдат у дэпутаты з Магілёва Уладзімір Шанцаў сцвярджае, што «спісы ўжо складзеныя і ўсё вырашана»: чужых у вертыкаль улады не пускаюць.

«Не скажу нічога новага пра тое, як праходзяць нашыя выбары. Яшчэ на этапе пікетаў нам людзі казалі, што спісы ўжо складзеныя і ўсё вырашана без нас. Дастаткова прааналізаваць спіс кандыдатаў у дэпутаты аблсавету, каб зразумець, хто будзе абраны, то бок прызначаны старшынём – сыходзячы з таго, што чужых у гэтую вертыкаль не дапускаюць».

«Нядаўна меў размову з адным прадстаўніком «эліты». Ён мне без сарамлівасці распавёў, што старшынём аблсавету будзе Дзмітрый Харытончык, цяперашні намеснік старшыні аблвыканкаму. Яго намесніцай будзе Ірына Раінчык».

Пра матывацыю браць удзел у такіх выбараў Шанцаў кажа так: «Мы спрабуем не дазволіць яшчэ раз падмануць народ за грошы падаткаплатнікаў».

Поўную размову глядзіце ў відэаматэрыяле.