Гарачы каментар «Мы ведаем іх даты нараджэння і дзе яны знаходзяцца». Івашын пра ўдзельнікаў прарасейскага пікету


Рэдактар парталу «Інфармнапалм» тлумачыць, чаму міліцыя не заўважыла пікету шасці прарасейскіх шавіністаў у цэнтры Менску.

Валер Руселік: Адкуль у менскай міліцыі такая выбарчая слепата? Мы добра ведаем як яна рэагуе, калі на вуліцу выходзяць дэмакратычныя актывісты?

Дзяніс Івашын: Непасрэдна ў органах унутраных справаў прысутнічае вялікая агентурная сеціва, ёсць мноства «патэнцыйных агентаў уплыву РФ». Тое, што яны закрываюць вочы на відавочны пачатак рэалізацыі Расеяй сцэнару па дэстабілізацыі абстаноўкі, абсалютна яскрава пра гэта сведчыць.

Беларускія сілавікі не слухаюць Лукашэнкі?

Трэба сказаць, што гэта за арганізацыя. НОД, якая правяла гэтую акцыю, супрацоўнічае з казацкімі парамілітарнымі арганізацыямі, і гадуецца у «інкубатары» – прадстаўніцтве Россотрудничества ў Беларусі.

Непасрэдны парасон над гэтай арганізацыяй – амбасада РФ у Беларусі, якая ёсць наўпрост рэзідэнтурай ФСБ і ГРУ.

Акцыя – пачатак гібрыднай вайны? Правакацыя, каб змусіць беларусаў да нейкага гвалту – удзельнікаў было шэсць чалавек? Або гэта зандаж магчымай рэакцыі беларускіх уладаў, міліцыі і грамадзянаў на падобныя выступы?

Мяркую, у сённяшніх рэаліях – спроба пяра. Яны насамрэч зандуюць рэакцыю і грамадзянскай супольнасці, і ўладаў Беларусі. Хачу адзначыць, што нашая грамадзянская супольнасць спрацавала проста на «выдатна»: цягам дня дзякуючы актывістам і журналістам мы выявілі і ідэнтыфікавалі практычна ўсіх удзельнікаў акцыі. Мы ведаем іхныя імёны, даты нараджэння і дзе яны знаходзяцца.

Што далей з гэтай інфармацыяй?

Тут варта казаць пра неабходную кансалідацыю ўсіх грамадскіх патрыятычных сілаў Беларусі. Мы мусім выяўляць і ідэнтыфікаваць усіх адэптаў «рускага міру», якія наўпрост спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку. Мы мусім трымаць іх пад жорсткім грамадскім кантролем. Таму што праз эканамічную сітуацыю ў Беларусі могуць пачацца непазбежныя акцыі пратэсту. І тут трэба сачыць, каб гэтыя сілы не бралі акцыі пад свой кантроль.

Поўную размову Валерыя Руселіка з Дзянісам Івашыным глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары