Фізік-ядравік: БелАЭС вытрымае толькі падзенне «кукурузніка»


Літва падрыхтавала 100 новых заўваг па бяспецы Астравецкай АЭС. У эфіры «Белсату» іх каментуе фізік Андрэй Ажароўскі.

Улады Беларусі супольна з расейскім «Расатамам» будуюць на Астравеччыне літаральна атамную бомбу. Гэткая выснова вынікае з крытычных заўваг адносна бяспекі будучай АЭС, сфармуляваных літоўскімі экспертамі пасля вывучэння імі стрэс-тэстаў станцыі.

«Пасля Фукусімы прынята даваць адзнаку не толькі ўнутраным, але і вонкавым уздзеянням на станцыю (Чарнобыль, напрыклад, выбухнуў па ўнутраных прычынах – проста рэактары выбухаюць)», – кажа расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

У дадатак да ранейшых пытанняў, якія ўсцяж застаюцца без адказаў, у літоўцаў назбіралася сто новых заўваг.

«У ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе змяшчалася ілжывая інфармацыя: спачатку, напрыклад, казалі, што станцыя можа вытрымаць падзенне самалёта вагай у 100 тонаў, а зараз аказалася, што 5,7 тонаў – гэта значыць, «кукурузнік» Ан-2», – кажа Ажароўскі.

Паводле Ажароўскага, літоўцы – добрыя спецыялісты: не так даўно нашыя суседзі зачынілі сваю АЭС.

«У літоўцаў ёсць 100 заўваг да Астравецкай АЭС па вонкавых фактарах. А рэактары, збольшага, выбухаюць з-за ўнутранага ўздзеяння або адсутнасці культуры бяспекі. Па гэтым у Літвы таксама ёсць пытанні», – дадае эксперт.

Поўную размову Валера Руселіка з Андрэем Ажароўскім глядзіце ў «Гарачым каментары»