Свет ФБР распавяло пра «расейскі след» падчас прэзідэнцкіх выбараў у ЗША


У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханні аб умяшанні Расеі ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары, аб сувязях перадвыбарчага штабу Доналда Трампа з Крамлём і праслухоўванні самога Трампа, у якім ён абвінаваціў адміністрацыю Барака Оўбамы.

«Я ўпаўнаважаны Міністэрствам юстыцыі пацвердзіць, што ФБР, як частка нашай контрразведвальнай місіі, расследуе намаганні расейскага ўраду ўмяшацца ў прэзідэнцкія выбары 2016 года, і гэта ўключае ў сябе расследаванне ўсіх сувязяў паміж людзьмі, звязАнымі з кампаніяй Трампа і расейскага ўраду», – заявіў дырэктар ФБР Джэймз Комі.

Самога Трампа не хвалюе расейскі след. На думку прэзідэнта, у перыяд кампаніі людзі Оўбамы праслухоўвалі ягоны перадвыбарчы штаб. Абвінавачанні ж у сувязях з Крамлём ён лічыць неабґрунтаванымі.

«Дэмакраты выдумалі і прасунулі расейскую гісторыю, каб апраўдаць сваю жахлівую кампанію. У іх была вялікая перавага ў калегіі электараў, а яны прайгралі», – напісаў Трамп у «Тўітары».

На слуханнях ні Джэймз Комі, ні шэф Агенцтва нацыянальнай бяспекі Майкл Роджэрз не падалі наўпроставых доказаў таго, што дзеянні расейскіх хакераў паўплывалі на вынікі выбараў прэзідэнта ЗША. Таксама не пацвердзіліся і факты праслухоўвання штабу Трампа. Прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта такі вынік расследавання не задаволіў.

Глядзіце рэпартаж Ігара Віняўскага ў «Свеце»

 

Каментары