Экс-старшыня Сенату ЕГУ: Праблемы ўніверсітэту – працяг палітыкі кіраўніцтва


Быць ці не быць? Вось у чым пытанне. На выкананне хатняга задання, якое дагэтуль не было зробленае, ёсць амаль паўтара года.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт хоць і быў ацэнены літаральна на «двойку» Цэнтрам ацэнкі якасці навучання, працягне працу прынамсі да ліпеня 2019-га года паводле старога дазволу. Калі ж універсітэт разлічвае на нейкую больш працяглую перспектыву, за гэты час ЕГУ мае ўмацаваць акадэмічны і навуковы патэнцыял. І ўжо тады можа падаць заяўку ў Міністэрства адукацыі і навукі Літвы па новы дазвол на сваю дзейнасць.

У «Гарачым каментары» – прафесар, гісторык, былы старшыня Сенату ЕГУ Павел Церашковіч.

«Гэта лагічны працяг той палітыкі, якая вялася кіраўніцтвам універсітэту на працягу апошніх 9 гадоў. Гэтая палітыка зводзілася да таго, што фактычна спадар Міхайлаў прыватызаваў гэтую ўстанову, зрабіў яе сваёй уласнасцю. З установы выкінулі прафесіяналаў, той, хто вельмі добра валодаў навыкамі кіравання, менеджменту. Ва ўладзе засталіся тыя, хто ўмее вельмі добра дагаджаць спадару Міхайлаву, выконваць ягоныя загады, забяспечваць ягоныя капрызы, фобіі і гэтак далей», – заявіў Павел Церашковіч.

Ён мяркуе, што ва ўніверсітэце трэба мяняць кіраўніцтва, у тым ліку рэктара.

Фотаздымак на сайце да відэа з сайту ЕГУ