Давайце разбірацца Экалагічны тэрарызм. Як дзяржава пакрывае масавае атручванне наваколля і людзей


Здымачная група «Белсату» зафіксавала ўвесь працэс нелегальнага масавага вываду атрутных адкідаў са свінакомплексаў і злавіла прэзідэнцкую экалагічную інспекцыю на фальсіфікацыі вынікаў аналізаў.

Аднавіць пагалоўе свіней, спалавіненага ў часы афрыканскай чумы – пытанне нацыянальнай бяспекі. Так заявіў Аляксандр Лукашэнка два гады таму. Мясцовыя кіраўнікі, у адказ, безаглядна кінуліся выконваць гэты загад любой цаной. Што з гэтага атрымалася?

У саўгасе Дворышча, што ў Лідскім раёне, ахвяраю «свінагонкі» стала мясцовае навакольнае асяроддзе. У прыватнасці – рака Жыжма.

«Тут сотні ці тысячы людзей на Жыжме жывуць і каб сцякала адтуль гэта ўвогуле, вядома, страшная справа», – гавораць мясцовыя жыхары.

У нармальным стане сістэма ачысткі на свінакомплексе мае працаваць наступным чынам: непасрэдна з-пад свіней фекаліі вымываюцца вадой. Праз дзіркі з кратамі ў падлозе гэтая вада з гноем патрапляе ва ўнутраны рэзервуар, дзе праходзіць гэтак званую механічную ачыстку – аддзяленне ад цвёрдых фракцыяo. Потым вадкая, але ўсё яшчэ атрутная жыжа, паступае па трубах з механічнага ў біялагічны адстойнік, які знаходзіцца паза свінакомплексам і выглядае як вадаём. Там жыжа ачышчаецца ад шкодных рэчываў актыўным глеем і толькі пасля гэтага яе можна выкарыстоўваць як угнаенне, у камбінацыі з іншымі рэчывамі. Каб зліваць яе ў вадаёмы, неабходная яшчэ і хімічная ачыстка.

Старшыня саўгасу Лідскі, да якога належыць свінакомплекс Дворышча сцвярджае, што вытворчы працэс працуе без збояў і ўсе экалагічныя нормы датрымліваюцца.

Але, як выявіла нашая здымачная група, калі адстойнік і працуе, то толькі першы – механічны. А вось біялагічны адстойнік, называны яшчэ полем фільтрацыі, відавочна – даўно закінуты. Поле фільтрацыі ня дзейнічае. Дарога, па якой падʼязджалі раней трактары, зарасла травой на палову чалавечага росту.

Цяпер біялагічна не ачышчаны свіны гной забіраюць непасрэдна з механічнага адстойніка на свінакомплексе і развозяць трактарамі па наваколлі. Лайно сцякае і наўпрост на зямлю і ў меліяратыўную сістэму мясцовай ракі.

«Там шмат каліформных бактэрый. Каліформныя бактэрыі па-простаму гэта – кішэчная палачка. Гэта – зараза», – сцвярджае Дзмітрый Станкевіч, дырэктар кампаніі «РадалітАква», якая пастаўляе ачышчальнае абсталяванне.

Апрача атручвання заразай лайно ў такіх колькасцях спажывае надзвычай вялікую колькасць кіслароду, забіваючы, такім чынам, усё жывое ў воднай экасістэме.

У гонцы за даведзенымі паказнікамі пагалоўя кіраўніцтва свінакомплексу Дворышча разглядае мясцовую экалогію як справу другасную, ня вартую дадатковых выдаткаў, і, гадамі забруджвае навакольнае асяроддзе, атручваючы свіным гноем палі ды раку.

Што (не) робяць мясцовыя ўлады

Наколькі істотныя страты панесла навакольнае асяроддзе і чаму бяздзейнічаюць мясцовыя ўлады? Каб праверыць гэта, мы вырашылі прайсці адпаведны бюракратычны ланцужок самі, І вось што з гэтага атрымалася.

На пачатку мы звязаліся з мясцовай лабараторыяй аналітычнага кантролю. Там наяўнасць праблемы прызналі.

У Лідскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету нам заявілі, што нічога ня ведаюць пра забруджванні. Але прыслалі на наступны дзень рэйдавую групу для праверкі інфармацыі. Тыя канстатавалі прысутнасць гноевай жыжы ў меліяратыўным канале, які ўваходзіць у меліяратыўную сістэму ракі Жыжма.

Але забруджання ўласна ракі інспектары адмаўлялі як нам, так і ў інтэрвʼю лідскай раёнцы, якая пасля нашага першага рэпартажу, апублікавала «абвяржэнне».

Занальны цэнтр эпідэміялогіі адмаўляе нават факт забруджвання меліяратыўнага каналу, якое прызнала інспекцыя. Штопраўда, высновы свае абгрунтаваў выключна візуальнымі назіраннямі.

Здавалася б, інфармацыя не пацвердзілася, або адміністрацыя свінакомплексу, усё ж спыніла забруджванне. Але ў распараджэнне нашай рэдакцыі патрапіў дакумент, які ўлады не планавалі выпускаць у публічны доступ: заключэнне Лідскай гарадской і раённай інспекцыі навакольнага асяроддзя, на падставе доследу міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю пераўзыйшлі самыя песімістычныя чаканні.

ПАСТАНОВА АД 9.08.2017 «АБ ПАРУШЭННІ ПРЫРОДААХОЎНАГА ЗАКАНАДАЎСТВА»

«Лідская міжраённая лабараторыя аналітычнага кантролю, па выяўленым інспекцыяй факце забруджвання гноевымі стокамі ад свінакомплексу паведамляе, што зафіксавана перавышэнне фонавых канцэнтрацыяў БПК5 у 29,04 разы, узважаныя рэчывы ў 3,14 раза, ХПКcr у 8,29 раза, амонія іона (у пераліку на N) у 260,55 разоў, фасфат іона (у пераліку на Р) у 305,5 раза».

Што азначаюць гэтыя лічбы?

«Самае небяспечнае, вядома, гэта – БПК. Гэта тое, што акурат гніе, фасфаты – яны прыводзяць да забалочвання вадаёмаў. Змяншаецца таксама канцэнтрацыя кіслароду. Без кіслароду ўсё жывое ў вадаёме памірае», – гаворыць Дзмітрый Станкевіч.

Не адзінкавы выпадак

Адмыслоўцы папярэджваюць: праблема з ачышчальнымі збудаваннямі ў старых свінакомплексаў – татальная. Але распаўсюджаная яна і ў нядаўна пабудаваных. Жыхары Маладзечанскага раёну гадамі змагаюцца з бескантрольным забруджваннем, якое чыніць свінакомплекс, падшэфны мясцоваму хлебазаводу.

Жыхары вёсак, што знаходзяцца ля свінакомплексу «Трайпл» у Валожынскім раёне сваю бітву ўжо прайгралі.

«Вёска Макрычаўшчына ў Валожынскім раёне. Залілі так лайном, што і людзей там ужо няма і нічога няма. Была рачушка – залітая лайном. Было возера – залітае лайном. І людзі павыязджалі», – распавядае Міхаіл Бекіш, жыхар вёскі Палачаны ў Маладзечанскім раёне.

Чаму ж улады ня могуць або ня хочуць спыніць забруджванне ракі Жыжма, а таксама Нёмну, у які яна ўпадае?

«Трэба выконваць харчовую праграму. Закрываць свінакомплексы нельга, тым болей колькі гадоў таму прэзідэнт, сваім рэвалюцыйным загадам загадаў аднавіць свінапагалоўе ў краіне», – зазначае Іна Гармель, шэф-рэдактар парталу agrolive.by.

Па выніках атрыманых аналізаў ракі Жыжма Лідская гарадская інспекцыя па ахове прыродных рэсурсаў выклікала старшыню саўгасу «Лідскі» для дачы тлумачэнняў і падпісання адміністратыўнага пратаколу. Штопраўда, штрафы саўгас плаціў ужо ня раз, але практыкі сваёй так і не спыняў.

Ва ўмовах крызісу экалогія яшчэ больш панізілася ў дзяржаўных прыярытэтах. Паводле дзяржаўнага воднага кадастру, скідванне недастаткова ачышчаных сцекавых водаў у Беларусі толькі за апошнія тры гады павялічылася ў два з паловай разы – да 9-ці мільёнаў тон на год.

Ачышчаць ці плаціць штрафы?

Вытворцы ачысных збудаванняў адзначаюць, што на сённяшні дзень эфектыўнасць такіх збудаванняў павялічылася, а кошт знізіўся. Такім чынам, калі б улады штрафавалі забруджвальнікаў паводле дзейнага заканадаўства, ім было б выгадней інвеставаць у ачыстку, чым плаціць штрафы,

«Калі адняць выдаткі на водаадвядзенне і тое, што яны плацяць за перавышэнне нормаў, то яно павінна акупіцца цягам чатырох – васьмі гадоў», – мяркуе Дзмітрый Станкевіч.

І нават у выпадку стратных дзяржаўных свінакомплексаў, дзяржаве выгадней даць дадатковыя субсідыі на ачыстку, чым несці эканамічныя страты ад забруджвання. Бо забруджаная вада – гэта праблемы са здароўем насельніцтва, дадатковыя выдаткі на ачышчэнне вады.

Праблема, аднак, у тым, што вертыкальная сістэма ўлады ня здольная сачыць за збалансаваным выкананнем некалькіх задачаў адначасова. Пагоня ідзе толькі за тымі паказнікамі, якія Аляксандр Лукашэнка абвяшчае прыярытэтнымі, а а невыкананне іншых, як бачым, замоўчваецца або фальсіфікуецца.

Сістэмная праблема

У пагоні за даведзенымі да іх паказнікамі, беларускія свінакомплексы, перадусім – дзяржаўныя, ігнаруюць прыродаахоўнае заканадаўства і безаглядна атручваюць навакольнае асяроддзе, зліваючы неачышчаныя свіныя адкіды ў мясцовыя рэкі ды балоты. Улады публічна хлусяць аб выніках праверкі і замоўчваюць сітуацыю.

Адмыслоўцы тлумачаць – праблема сістэмная. Бо, пры адсутнасці падзелу мясцовай улады на выканаўчую, заканадаўчую ды судовую, рэальныя рычагі ўздзеяння на парушальнікаў мае толькі адміністрацыя прэзідэнта.

Але, як выявіла нашае расследаванне, інспекцыя пры прэзідэнце сама замоўчвае праблему ды фальсіфікуе вынікі аналізаў. Адзіны пакараны ў гэтай справе, на сённяшні дзень, гэта – журналіст, які асвятліў сітуацыю. Між тым, атручванне водаў, паводле адмыслоўцаў, набірае маштаб экалагічнай катастрофы.

Глядзіце таксама:

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Каментары