Дзяніс Івашын: «Дзеянні Крамля і Праваслаўнай царквы супадаюць»


Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч раздаў калядныя падарункі чальцам праваслаўнага вайскова-патрыятычнага клубу «Дружына» імя князя Аляксандра Неўскага. Пра асобу міністра і ролю парамілітарных праваслаўных груповак у Беларусі разважае рэдактар беларускай службы міжнароднай валанцёрскай супольнасці «InformNapalm» Дзяніс Івашын.

Сяргей Падсасонны: Наколькі сурʼёзная сітуацыя з падарункамі «Дружыне» ад міністра?

Дзяніс Івашын: Сітуацыя досыць сурʼёзная, і я б наагул пачаў з аналізу самой асобы міністра ўнутраных справаў – генерал-лейтэнанта Ігара Шуневіча. Як вядома, ён нарадзіўся ў 67-м годзе…

…у Луганскай вобласці…

…так, на тэрыторыі Луганскай вобласці, якая цяпер знаходзіцца пад акупацыяй расейскіх тэрарыстычных войскаў. Трэба адразу зазначыць, – гэта шмат хто апускае – што цягам 2007–12 гг. ён працаваў у КДБ. Гэта вельмі важны момант.

Шуневіч ачольваў Галоўнае ўпраўленне ў контрвыведвальным забеспячэнні праваахоўнай дзейнасці. Чым ён запомніўся ў гэты перыяд? Паводле сведчанняў Наталлі Радзінай, рэдактаркі «Хартыіʼ97», асабіста дапытваў лідараў апазіцыі пасля жорсткага разгону Плошчы 2010 году.

Таксама не забывайма той момант, калі на парадзе падчас святкавання 70-годдзя перамогі ён красаваўся ў форме нкусаўца.

Дык хто стаіць на чале аднаго з галоўных міністэрстваў Беларусі – прадстаўнік Крамля, «рускага свету»?

Паводле характару ягоных дзеянняў яго можна лічыць прарасейскім чалавекам, улічваючы, што частка ягоных сваякоў жыве цяпер на акупаванай тэрыторыі.

Калі казаць непасрэдна пра вайскова-праваслаўны клуб «Дружына», на фотаздымку я налічыў дзесяць камплектаў бушлатаў, маскхалатаў і макетаў аўтамата Калашнікава.

Гэта таксама сведчыць пра падтрыманне міністрам унутраных справаў так званага «рускага міра». Бо ён напэўна ведае [пра «Дружыну»] з рэзанансных матэрыялаў, якія неаднаразова з’яўляліся ў сродках масавай інфармацыі.

На ўрачыстасці таксама прысутнічалі прадстаўнікі Шчычынскага райвыканкаму. Чаму ўсім гэтым не займаюцца спецслужбы?

Гэтае пытанне трэба скіраваць да спецслужбаў.

Мяркую, не існуе пэўнай генеральнай лініі. Не забывайма, што Шуневіч працаваў блізу пяці гадоў у КДБ – ён таксама чалавек спецслужбаў.

Спецслужбы таксама гавораць голасам «рускага міру»?

Не, я кажу, што проста не існуе пэўнай генеральнай лініі: ёсць пэўныя людзі са сваймі пэўнымі поглядамі.

Але трэба казаць і варта надаваць вялікае значэнне актывізацыі імперскай палітыкі Крамля, якая распачалася ў 2007-м годзе, аформленай у мюнхенскай прамове Пуціна.

Гэта супадае таксама з актывізацыяй здзяйснення палітыкі «рускага свету» Маскоўскім патрыярхатам РПЦ.

І мы бачым на ўласныя вочы, як цягам апошніх гадоў павялічваецца колькасць парамілітарных праваслаўных арганізацыяў, казацкіх груповак – і ў Менску, і ў Горадні.

То бок некаторыя прадстаўнікі РПЦ рыхтуюць, бадай, баевікоў «рускага міру» у Беларусі?

Пэўным чынам можна так казаць: гэта цалкам адпавядае дактрыне «рускага міру», якую здзяйсняе Маскоўскі патрыярхат РПЦ на нашых землях. Таксама пра гэта сведчыць прызначэнне мітрапалітам, патрыяршым экзархам Усея Беларусі Паўла Панамарова, які нават не зʼяўляецца грамадзянінам Беларусі, не ведае беларускай мовы – ён быў пастаўлены на чале БПЦ насуперак пажаданням праваслаўных вернікаў нашае краіны.

Размаўляў Сяргей Падсасонны